У Мінску судзяць экс-кіраўніка выдавецтва Беларускага Экзархата
25 чэрвеня ў судзе Заводскага раёна Мінска пачаўся працэс па справе былога кіраўніка выдавецтва Беларускага Экзархата Уладзіміра Грозава, піша tut.by. Праваслаўная царква выставіла яму пазоў у 750 тысяч долараў, аднак у судзе ад фінансавых патрабаванняў адмовілася. Абвінавачванне лічыць, што Грозаў нанёс царкве шкоду на 625 тысяч долараў.
58-гадовага Грозава вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры, ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Абвінавачанне яму зачытвалі больш за гадзіну.
Адмаўляючыся ад фінансавых патрабаванняў, прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы патлумачыў: "Мы разумеем усе наступствы, да Грозава прэтэнзій няма. Ён доўгі час знаходзіўся пад следствам, думаем, свае памылкі ўсвядоміў". Таксама ён прасіў зрабіць суд закрытым, бо падчас працэсу будуць разглядацца "ўнутраныя пытанні і інтарэсы царквы". Аднак суд ахіліў гэтае хадайніцтва.
Грозаў быў затрыманы ў снежні 2016 года на мяжы. Ён былы сілавік. У царкве ён праслужаў 16 гадоў. Быў не толькі кіраўніком выдавецтвам Экзархата, але і старшынёй грамадскага аб'яднання "Бацькі і настаўнікі — за адраджэнне праваслаўнай адукацыі", сузаснавальнікам ТАА "Сям'я-яднанне-Бацькаўшчына".
Як кажа абвінавачанне, у 2010 годзе ён папрасіў Мінскі райвыканкам перадаць яго аб'яднанню сядзібна-паркавы комплекс XVIII стагоддзя ў вёсцы Сёмкава. Грозаў абяцаўся адрэстаўраваць і рэканструяваць комплекс, развіць там музейную і бібліятэчную справу, адрадзіць духоўныя традыцыі. І ў 2011-м сядзібна-паркавы комплекс яму перадалі бясплатна. Пасля чаго, кажа пракурор Сяргей Шаравар, падсудны арганізаваў там станцыю тэхабслугоўвання (СТА).
Потым Грозаў аформў права ўласнасці на гістарычны комплекс на таварыства з абмежаванай адказнасцю "Сям'я-яднанне-Бацькаўшчына", дзе сам меў 87%. Па сутнасці, комплекс у Сёмкаве стаў яго ўласнасцю.
Таксама абвінавачанне заяўляе, што грошы за выдадзеныю выдавецтвам Экзархата кнігі ды іншую прадукцыю Грозаў у 2010-2014 гадах не клаў на рахунак царквы, а забіраў сабе.
25 тысяч долараў ён аддаў на долевае будаўніцтва кватэры, яшчэ 55 тысяч долараў — на зямельны ўчастак, які ў вёсцы Хацежына купіла яго жонка. За грошы царквы Грозаў купіў аўтамабіль Аўдзі А6, заплаціў за вучобу сваю і дзяцей у аўташколе, звазіў сям'ю на адпачынак у Грэцыю, пабудаваў два катэджы, зрабіў рамонт дома. Па падліках праваахоўнікаў, шкода царкве склала 1 250 000 рублёў (каля 625 тысяч долараў).
Дарэчы, работнікі выдавецтва — слесар і два кіроўцы — у свой працоўны час займаліся рамонтам дома начальніка ў Хацежыне. Працавалі яны амаль кожны дзень з ліпеня 2013 года па лістапад 2014-га. Пры гэтым супрацоўнікаў ніхто не карміў, дадае пракурор.
Таксама Грозава вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты мытных плацяжоў з 2008 па 2013 гады. За гэты час ён прыгнаў з Германіі 13 легкавых і грузавых аўтамабіляў. Гэтыя машыны афармляліся як бясплатная дапамога царкве. Страты па гэтым артыкуле складаюць 212 тысяч рублёў.
Грозаў адмовіўся прызнаць сябе вінаватым. "Я верай і праўдай служыў Беларускай праваслаўнай царкве. І дзейнічаў толькі з блаславення і распараджэнні царквы, усё дзеянні вырваныя з кантэксту. Высокі суд, у 2010 годзе прэзідэнт уручыў мне ўзнагароду "За духоўнае адраджэнне". На жаль, са зменай Экзархата знайшліся людзі, якія паднеслі маю дзейнасць як непаразуменне. Гэтыя людзі ўжо не працуюць у БПЦ. Мне ставілі ў віну 17 артыкулаў, яны адпадалі, потым прыляпляліся", — заявіў падсудны. Ён дадаў, што не скраў з царкоўнай касы ні капейкі, і прапанаваў дапытаць былога кіраўніка БПЦ мітрапаліта Філарэта.
Дарэчы, суд задаволіў хадайніцтва БПЦ, таму грашовых прэтэнзій да абвінавачанага больш няма.
Супрацоўніца Мінкульта на пасяджэнні 25 чэрвеня мусіла расказаць, якім чынам права ўласнасці сядзібна-паркавага комплексу ў Сёмкаве перайшло таварыству "Сям'я-яднанне-Бацькаўшчына", ці праводзілася там рэканструкцыя і ці быў кантроль за тым, што адбывалася ў Сёмкава. Аднак сведка не змагла дакладна адказаць ні на адно пытанне. Суд абавязаў яе падрыхтавацца да наступнага пасяджэння і абвясціў перапынак.