У Мінску Сяргей Шнураў закупіў творы беларускіх мастакоў і дызайнераў
Лідар знакамітага расійскага гурта “Ленинград” ужо двойчы пасля сваіх мінскіх выступаў наведаў галерэю “Ў”.
Лідар знакамітага расійскага гурта “Ленинград” Сяргей Шнураў пасля канцэрта ў Мінску, які адбыўся 23 лістапада, наведаў галерэю “Ў”, дзе набыў творы беларускіх мастакоў і дызайнераў. “Ён дакладна ведае, дзе пакінуць частку ганарару з мінскага канцэрта”, — пажартавала ў Фэйсбуку дырэктар крамы Ганна Чыстасердава. Як высветлілася, Шнураў ужо другі раз наведвае галерэю.
“Разумееце, ёсць такі фармат этыкі і ўнутранай, і знешняй, таму казаць дакладна, што ён набывае, не магу, а раптам ён супраць, — адзначае дырэктар галерэі Ганна Чыстасердава. — Ён набывае нейкія дызайнерскія вырабы, майкі, магніты, паштоўкі, нейкімі творамі цікавіўся… Але што прыемна: ён не першы раз заязджае, і яго сюды ніхто за руку не вядзе, менавіта ён сам. Але, на мой погляд, гэта не дзіўна, бо па адукацыі ён мастак і цікавіцца філасофіяй, таму галерэя “Ў” самае месца для яго”.
Зорныя госці ў сталічнай галерэі не рэдкасць, праўда, звычайна гэта прадстаўнікі візуальнага мастацтва, уладальнікі розных сусветных галерэй, дырэктары музеяў.
“Месяць таму, калі было адкрыццё месяца фатаграфіі ў Мінск прыязджаў Марцін Пар, — узгадвае іншых зорных наведвальнікаў Ганна. — Гэта адна з сусветных зорак фатаграфіі, то бок зорка-зорка. І вось як ні дзіўна, ён правёў з намі амаль што ўвесь дзень, хоць у Мінск ён у прынцыпе прыехаў толькі на адзін дзень. То бок, як раніцай трапіў да нас, так мы нейкім чынам разышліся толькі перад яго лекцыяй у “Гётэ-інстытуце”.
Што тычыцца музыкаў, то звычайна яны заходзяць без папярэджання, таму сама Ганна Чыстасердава можа іх і не ўбачыць, бо шмат працуе ў офісе галерэі. З самых памятных наведванняў — гадзінны візіт брытанскага трыа The Tiger Lillies ды расійскіх рокераў “Н.О.М.”. Прычым, амаль усе зорныя наведвальнікі нешта набываюць.
Фота: Віка Шчарбакова