Шыльду да 100-годдзя БНР павесілі ў піўным бары
Памятную шыльду да 100-годдзя БНР урачыста адкрылі 7 лістапада ў кавярні BeerShow на вуліцы Валадарскага, 7. Гэты дом ушчыльную прымыкае да будынка, дзе 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (Трэцяя Устаўная грамата БНР).
Як паведаміў у Фэйсбуку блогер Эдуард Пальчыс, у кавярні ўрачыста адчынілі самую першую шыльду, зробленую скульптарам Алесем Шатэрнікам у 1993 годзе з сілуміну.
"Гэтая тая самая першая дошка на тарашкевіцы, якая была вырабленая яшчэ ў 1993 годзе з сілуміну. Ну, а новая "народная" дошка з бронзы рана ці позна абавязкова з'явіцца на сваім заслужаным месцы", — піша Пальчыс.
Сёлета ў сакавіку на гістарычным будынку меліся адчыніць бронзавую шыльду ў гонар 100-годдзя незалежнасці БНР. Грошы на яе з дапамогай краўдфандынгу сабралі за некалькі гадзін. Аднак улады спярша далі дазвол на ўсталяванне шыльды, а потым затармазілі яе ўсталяванне, спаслаўшыся на шматлікія звароты грамадзян супраць гэтага памятнага знаку. Пасля гэтага грамадскія актывісты арганізавалі кампанію зваротаў у абарону шыльды, але пазітыўнага выніку ад гэтага пакуль што няма.
Беларускі бізнэс рубіць фішку: калі дзяржава не ўсталявала шыльду, то грамадзва робіць бяз іх. Ад сёньня ў піўным бары Beershow (Валадарскага, 7 - дом дзе была абвешчаная трэцяя ўстаўная грамата БНР) усталяваная шыльда ў гонар БНР. Жыве Беларусь!! @1863x #БНР100 #БНР101 #БНР pic.twitter.com/xaCIEiZitm
— Партыя БНФ (@PartyjaBNF) November 7, 2018