У Мінску затрымалі 3 чалавек за перапродаж білетаў на матчы БАТЭ ў Лізе Еўропы
У Мінску затрымалі трох чалавек за перапродаж білетаў на матчы БАТЭ ў групавым раўндзе футбольнай Лігі Еўропы. Як інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, рэйд правялі супрацоўнікі сталічнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі сумесна з падаткавікамі.
27 верасня па праспекце Пераможцаў затрымалі студэнта адной з сталічных ВНУ. Ён прадаваў два білеты па 70 рублёў кожны. Якраз у той дзень у Мінску прадавалі абмежаваную колькасць адзіночных білетаў на матч БАТЭ з “Арсеналам”, у касах іх можна было купіць па 35 рублёў, былі вялізныя чэргі.
Таксама ў сераду па Ленінградскай вуліцы затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка. Ён незаконна прадаваў чатыры білеты па 100 рублёў кожны (гэта таксама былі адзіночныя білеты, якія каштавалі па 35 рублёў). У чацвер, 28 верасня, па вуліцы Прытыцкага затрымалі жанчыну, якая прадавала тры білетныя пакеты на матчы барысаўчан у Лізе Еўропы па 150 рублёў за кожны (у касах іх можна было купіць па 105 рублёў за кожны). Паколькі перапродаж білетаў і білетных пакетаў забаронены, футбольны клуб можа іх ануляваць. Міліцыя праінфармавала ФК БАТЭ пра выяўленыя парушэнні “для прыняцця рашэння ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам”.
Як інфармавала Еўрарадыё, у інтэрнэце таксама былі аб’явы аб рэалізацыі білетаў на матч з “Арсеналам”. Іх прапаноўвалі ў чатыры разы даражэй.
Матч групавога раўнда футбольнай Лігі Еўропы БАТЭ — “Арсенал” пройдзе ў чацвер на “Барысаў-Арэне”, пачатак у 20.00, жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале “Беларусь 2”.