У Мінску затрымалі ўдзельніка зрыву выступу прадстаўніка АБСЕ Сайдзіка
Увечары 15 лютага міліцыянты затрымалі прынамсі аднаго з удзельнікаў акцыі ў "Прэзідэнт-гатэлі", калі маладыя людзі сарвалі выступ спецпрадстаўніка АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марціна Сайдзіка. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага.
Затрыманага даставілі ў Ленінскі РУУС сталіцы. Пра іншых удзельнікаў акцыі нічога невядома.
Як паведамляла Еўрарадыё, Сайдзік вышаў да прэсы пасля чарговага раўнду перамоваў. У гэты час два хлопцы і дзве дзяўчыны заявілі, што яны актывісты партыі "Іншая Расія" (былая Нацыянал-бальшавіцкая партыя), і пачалі выкрыкваць лозунгі "Рукі прэч ад Данбаса!", "Парашэнка — забойца!" і "Данбас — у склад Расіі!". Таксама яны раскідалі ўлёткі, у якіх гаварылася, што перамовы ў Мінску нічога не вырашаюць. Сайдзік часова пакінуў памяшканне для прэс-канферэнцыі.
Беларускі МЗС у сваёй адмысловай заяве назваў гэтую падзею свядомай правакацыяй, накіраванай на зрыў перамоваў.