У Мінску здарэнняў з-за першага снегу стала менш
Вялікіх чэргаў на шынамантажах… таксама няма!
Першы снег выпаў на месяц пазней, чым летась, ды сіноптыкі папярэджвалі загадзя. Але паслугамі эвакуатара 25 лістапада скарысталіся многія.
"Учора ўвечары былі дарожна-транспартныя здарэнні. Нехта ў слуп, нехта у сустрэчную. Але менш, чым у мінулым годзе", — кажуць Еўрарадыё ў службе help9999.by.
А вось зводка ДАІ кажа, што 27 кастрычніка 2012 года, калі выпаў першы снег, здарыліся 102 ДТЗ, а 25 лістапада 2013 — 125 ДТЗ. Але гэта агульная колькасць аварый, колькі з-за снегу — невядома. Але 25 лістапада здарэнняў было ў 2 (!) разы больш, чым 24 лістапада.
Дапамогай службы evacuator.by амаль ніхто не скарыстаўся. У 2012 годзе, як толькі выпаў снег пачаліся званкі, бо людзі выехалі на летняй гуме.
"Цяпер проста канкурэнцыя вялікая. Шмат людзей купілі эвакуатары і можа з-за гэтага замоваў не было. Учора была замова, а сёння пакуль не".
Аўтасервісы гавораць, што званкі па пашкоджаннях былі, але пакуль ніхто не прыязджаў, бо чакаюць выплаты страхоўкі.
Вялікіх чэргаў на шынамантажах… таксама няма! У службе pit-stop.by распавядаюць, што запісацца можна хоць на заўтра.
"Але я не думаю, што людзі загадзя патурбаваліся і зрабілі шынамантаж. Думаю яшчэ ўсё наперадзе".
У аўтасервісе carservice.by, кажуць, што большасць пераабулася у зімовае загадзя, таму зараз у чарзе на шынамантаж толькі дзве машыны. Але 25 лістапада невялікія чэргі з'явіліся.
"Відаць, што ў першы снег акуратней людзі ездзяць, а потым прывыкнуць і пачнуць менш асцярожна ездзіць, і стане больш наступстваў", — лічаць у іншым аўтасервісе.
Але ж відавочна, што сёлета аварый, звязаных са снегам, павінна быць меней. Бо ў 2012 годзе снег пачаўся ў абед, а сёлета ўвечары, калі многія паспелі даехаць з працы дадому. Хаця пробкі ўвечары былі вялікія. Да таго ж, сезон зацягнуўся і многія ўсё ж паспелі памяняць гуму.