У Мінску зноў судзяць экс-гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра
У судзе Маскоўскага раёна пачаўся новы суд над былым генеральным дырэктарам Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Генадзем Зубаравым. Яго вінавацяць у атрыманні хабару.
Як паведамляе БЕЛТА, Зубараў цалкам прызнаў віну па новым эпізодзе хабарніцтва, але адмаўляецца ад дачы паказанняў на працэсе. Таму ў судзе зачытваюць яго паказанні, дадзеныя на папярэднім следстве.
Паводле абвінавачання, Зубараў на пасадзе гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра з 19 жніўня 2003 года па жнівень 2004-га ў Маскве дамовіўся з неўсталяванай асобай пра атрыманне хабару. Грошы планавалася пералічыць з рахункаў замежных кампаній на яго рахунак у латвійскім банку.
Хабар Зубараў атрымліваў з 27 жніўня 2004 года па 26 верасня 2006-га, у тым ліку па месцы сваёй працы. Агульная сума хабару па гэтай справе складае больш за 120 тысяч долараў, што з'яўляецца асабліва буйным памерам. За гэта чыноўнік абяцаў заключаць кантракты на пастаўку працэсінгавага цэнтра банкаматаў маркі NCR, расходных матэрыялаў, ліцэнзій на праграмнае забеспячэнне, запчастак да абсталявання.
Цяпер Зубараў адбывае пакаранне паводле прысуду, вынесенага яму судом Маскоўскага раёна Мінска сёлета ў лютым. Яго асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы. Яго прызначлі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Па версіі абвінавачвання, на пасадзе гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра ён з траўня 2011 года па студзень 2016-га атрымаў ад прадстаўніка латвійскай кампаніі больш за 2 млн 262 тысячы еўра. Грошы выдаваліся за дамовы паміж цэнтрам і гэтай фірмай па набыцці ліцэнзій і невыключных правоў на выкарыстанне праграмнага забеспячэння.
Таксама Зубарава прызналі вінаватым у тым, што з сакавіка 2011 года па жнівень 2016-га ён з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў скраў з Банкаўскага працэсінгавага цэнтра грошы на агульную суму больш за 414 тысячы рублёў, перавёўшы іх на свае фірмы.
Эпізод, які цяпер разглядаецца ў судзе, вылучаны ў асобную вытворчасць. Пад вартай Зубараў знаходзіцца з 29 ліпеня 2016 года.