У Мінску зноў выставілі на продаж радыятарны завод
Радыятарны завод спрабуюць прадаць ужо не першы раз / eram.radiator.by
Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання зноў выставілі на аўкцыён. Прапанова з'явілася на сайце ЗАТ "Белрэалізацыя". Завод у цяперашні час знаходзіцца ў працэсе банкруцтва, а яго маёмасць спрабуюць прадаць ужо сёмы раз, адзначае рэсурс "Люстэрка".
Гэтым разам стартавы кошт знізілі больш чым у 2,5 разы — да 25,9 млн рублёў (9,3 млн долараў). Але падчас таргоў кошт можа быць зніжаны яшчэ — да мінімальнага кошту лота. Ён складае 12,9 млн рублёў (4,6 млн долараў). За гэтыя грошы пакупнік атрымае некалькі дзясяткаў будынкаў: карпусы, склады, бытавыя памяшканні, гаражы і іншыя. Частка будынкаў пакуль застаецца на балансе завода, адзначае выданне. Гэта значыць, што да заканчэння працэдуры банкруцтва новы ўласнік павінен будзе заключыць з заводам дамову на карыстанне маёмасцю, а затым праз новы аўкцыён выкупіць гэтыя памяшканні.
"У цэлым, самі вытворчыя пабудовы вялікай каштоўнасці не ўяўляюць. Хутчэй за ўсё, цікавасць патэнцыйных інвестараў можа выклікаць само месца размяшчэння завода — побач метро "Маладзёжная", ГЦ "Карона", ЖК "Каскад" і ЖК "Камфорт-парк", — казаў увосень 2021 года дырэктар ЗАТ "Белрэалізацыя" Міхаіл Андрэеў. Ён тады таксама акцэнтаваў увагу на тым, што аналагічных прапаноў па плошчы і па месцы ў Мінску цяпер няма.
Імаверна, гэта значыць, што мэтавае прызначэнне зямлі (для абслугоўвання будынкаў і збудаванняў завода) у перспектыве можа змяніцца. І на месцы завода пабудуюць жыллё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.