У МУС "заклапочаныя праблемай перанапаўняльнасці" ізалятараў
У МУС Беларусі "заклапочаныя праблемай перанапаўняльнасці месцаў утрымання затрыманых". Прэс-служба міністэрства паведамляе, што "звыш дзвюх тысяч грамадзян ужо адпушчаныя дадому". І "гэты працэс ідзе бесперапынна, працягваецца і цяпер". Гаворка ідзе пра затрыманых пратэстоўцаў. Тыя, хто выходзіць на волю, не толькі расказваюць, але і дэманструюць сляды збіцця і катаванняў з боку сілавікоў. Камеры былі перапоўненыя ў шмат разоў. Затрыманых доўгі час не кармілі, не давалі ваду.
За чатыры дні міліцыя затрымала амаль 7 тысяч чалавек. У паведамленні ад 14 жніўня пра затрыманых ужо гаворкі няма. Адзначаецца, што "акцыі ў сваёй большасці насілі мірны характар". Згадваецца здарэнне ў Віцебску, дзе цялесныя пашкоджанні атрымаў міліцыянер, а камянём быў пашкоджаны службовы аўтамабіль. Таксама паведамляецца пра нейкія матэрыялы "абразлівага характару ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі Гродзенскага рэгіёну", якія з'явіліся ў інтэрнэце. Праводзіцца праверка. За суткі было складзена 102 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.