У музеі ў Старых Дарогах зніклі бюсты Арсенневай, Геніюш, Каліноўскага

У музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах / svaboda.org
У музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах / svaboda.org

У прыватным музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах адбылася атака на экспанаты. Яе ініцыятаркай стала праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава, перадае Радыё "Свабода". Яна кіраўніца дзвюх праўладных ініцыятыў — "Инфоспецназ" і "Антивандал".

У музеі Анатоля Белага (у тым ліку пад адкрытым небам) захоўваюцца самыя розныя экспанаты — ад твораў мастацтва і бюстаў славутых беларусаў да мэдальёнаў і газет эмігрантаў. Перад будынкам стаяць бюсты і барэльефы славутых беларусаў.

Бондаравай не спадабалася акурат вулічная экспазіцыя, якую яна назвала "русканенавісніцкай і пранацысцкай". Жанчына напісала скаргу раённаму ідэолагу Уладзіміру Дзевяценю. Але ён, як заявіла прапагандыстка, "паставіў на паўзу"

Але дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі, як кажа Бондарава, ёй удалося прыбраць партрэты паэткі Наталлі Арсенневай, братоў Івана і Антона Луцкевічаў (якіх яна чамусьці назвала фашыстамі), Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР і БЦР.

На месца, дзе быў бюст паэткі Ларысы Геніюш, паставілі іншы — праўдападобна, Якуба Коласа. Таксама былі знішчаныя некалькі барэльефаў, а некаторыя, нібыта, "правераць гісторыкі".

За дапамогу Бондарава падзякавала старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Нацыянальнага сходу Алегу Белаконеву, падпалкоўніку КДБ у адстаўцы Емяльяну Ляпёшку, Аляксандру Плавінскаму, а таксама "неабыякавым жыхарам Старых Дарог і чыноўнікам, якія пажадалі застацца неназванымі".

Знішчаны бюст Ларысы Геніюш, часова заменены на іншы / t.me/grodno_specnaz2

Знішчаны бюст Ларысы Геніюш, часова заменены на іншы / t.me/grodno_specnaz2

Знішчаны барэльеф Наталлі Арсенневай / t.me/grodno_specnaz2

Знішчаны барэльеф Наталлі Арсенневай / t.me/grodno_specnaz2

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі