У Мюнхене паказалі невядомую карціну Шагала, скрадзеную нацыстамі (відэа)
Адбылося гэта падчас прэс-канферэнцыі. З амаль 1400 знойдзеных твораў мастацтва прысутным паказалі слайды некалькіх дзясяткаў.
Сярод іх — раней невядомая карціна знакамітага ўраджэнца Беларусі Марка Шагала (1887 — 1985).
Нагадаем, калекцыю яшчэ ў 2011 годзе выявіла паліцыя, але пра гэта стала вядома толькі днямі. Як паведамляе ВВС, у ёй прысутнічае адзін твор Шагала, ёсць карціны такіх знакамітых мастакоў, як Пабло Пікасо, Анры Маціс, Эміль Нольдэ. Дагэтуль усе яны лічыліся страчанымі падчас бамбардзіроўкі Дрэздэна ў 1945-м. Паводле папярэдніх ацэнак, карціны каштуюць каля 1 мільярда еўра.
Вядома, што калекцыя належала 80-гадоваму Карнеліусу Гурліту, бацька якога ў часы нацысцкай Нямеччыны быў мастацтвазнаўцам. Ператрус у яго кватэры правялі пасля таго, як мытнікі знайшлі ў пенсіянера на швейцарска-нямецкай мяжы буйную суму грошай. Усе карціны мастакоў-мадэрністаў былі канфіскаваныя нацыстамі з прыватных калекцый і музеяў.
Раней невядомая карціна Марка Шагала.