У МЗС Беларусі адрэагавалі на закрыццё Польшчай пункта пропуску "Баброўнікі"
МЗС Беларусі / Sputnik.by
МЗС Беларусі заявіў пратэст часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Марціну Вайцяхоўскаму. Падставай стала рашэнне Варшавы прыпыніць з 10 лютага рух у пункце пропуску "Баброўнікі-Бераставіца". З закрыццём гэтага пункта пропуску на беларуска-польскай мяжы застаўся толькі адзін пераход для легкавых і грузавых аўтамабіляў.
"Польскаму дыпламату было ўказана на катэгарычную непрымальнасць гэтага кроку, які абвастрае і без таго вельмі складаную сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і парушае правы тысяч грамадзян Беларусі, Польшчы і многіх іншых краін", — гаворыцца ў заяве МЗС.
У знешнепалітычным ведамстве таксама заявілі аб контрпрадуктыўнасці любых спробаў ціску на Беларусь. Там лічаць, што "польскае кіраўніцтва наўмысна стварае нечалавечыя ўмовы для простых грамадзян і перавозчыкаў". У Мінску папярэдзілі, што Беларусь пакідае за сабой права "прыняць адэкватныя меры рэагавання", але адначасова запэўнілі, што заўсёды адкрытыя "для канструктыўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу ў інтарэсах грамадзян" дзвюх краін.
Рашэнне прыпыніць працу пункта пропуску "Баброўнікі" ("Бераставіца") польскія ўлады прынялі на наступны дзень пасля абвяшчэння ў Гродне прысуду Анджэю Пачобуту, журналісту-палітвязню, актывісту польскай меншасці ў Беларусі. Яго асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У той жа дзень у Сейме Польшчы прапаноўвалі ўвесці санкцыі за пераслед палякаў у РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.