У начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага камбіната знайшлі кулямёт і аўтаматы
Праваахоўнікі затрымалі 48-гадовага начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага камбіната Леаніда Штэйна. Гэта адбылося ўвечары 7 верасня ў Гомельскай вобласці. Мужчына перавозіў 16 патронаў.
На наступны дзень у яго адбыўся ператрус. Як піша tut.by, толькі ў гаражы Штэйна ператрус ішоў 12 гадзін. У сейфах знайшлі склад баявой зброі. Таксама зброю знайшлі ў кватэры Штэйна і на яго працоўным месцы.
"Ператрус доўжыўся з 4-й раніцы да 5-й вечара. Знайшлі 19 адзінак баявой зброі: кулямёт, два аўтаматы Калашнікава, вінтоўкі. Усё захоўвалася ў жалезных сейфах, іх давялося ўскрываць. Супрацоўнікі, якія працавалі на месцы, казалі, гэтую зброю ён збіраў 5-6 гадоў", — распавёў журналістам сведка ператрусу ў гаражы.
Па словах суседзяў, шмат гадоў таму Штэйн служыў у дэсантных войсках. Калі вярнуўся з войска, стаў рабіць нажы, калекцыянаваў халодную зброю, быў паляўнічым.
Яшчэ адзін з відавочцаў кажа, што вопіс зброі склаў 10 старонак.
Паводле непацверджанай інфармацыі, у сейфе ў працоўным кабінеце Штэйна таксама знайшлі баявую зброю.