“У нас у краіне ўсё спакойна”: як чыноўнікі каментуюць выбухі над Гомелем

Неба над Гомелем 13 лютага

Неба над Гомелем 13 лютага / Телеграм

— У нас у краіне ўсё спакойна. Якія правакацыі? Любыя правакацыі — не вядзіцеся, як дарослы чалавек — так кажуць чыноўнікі пра выбухі, якія былі чутныя ў ноч на 13 лютага пад Гомелем. 
Пад выглядам занепакоенай жыхаркі горада журналістка Еўрарадыё патэлефанавала ў Гомельскі аблвыканкам: 
— А выбухі? — запытваем. 
— Якія? 
— Кажуць, учора збілі беспілотнік.
— Хай не кажуць тады. Ёсць дакладная інфармацыя, а ёсць "кажуць".
— А што гэта было? Вы ведаеце?
— Мы не каментуем чуткі грамадзян горада Гомеля, калі гэта Гомель.

У выканкаме кажуць пра чуткі, але многія гамяльчане чулі выбух, а ў сеціве з'явілася відэа, дзе ў начным небе падаюць абломкі.

Што здарылася?

Выданне "Флагшток" піша, што, імаверна, быў збіты расійскі беспілотнік. У гэты час Расія атакавала Украіну.

На відэа патрапілі кадры падзення абломкаў.

У гомельскіх групах "ВК" пішуць, што выбух адбыўся каля 00.30. Гамяльчане пішуць, што гукі былі чутныя ў раёнах Валатава, Навабеліца, Універмага, вуліцы Чангарскай дывізіі [стыль, арфаграфія і пунктуацыя захаваныя — Еўрарадыё].

"Хто ведае што бабахнула ў 0:32 ? На Чангарскай дыв быў чутны Толі выбух — Толі аварыя".

“У нас нават дом траханула ў Валатаве.Я ад гэтага прачнулася".

"Было чуваць, валатаве, грукат быў добры такое пачуццё што дзесьці побач".

Ужо раніцай у тэлеграм-канале "Гаворыць Гомель" з'явіўся пост з заклікам "не разводзіць паніку і не весціся на правакацыі".

Раней журналісты Радыё Свабода датэлефанаваліся да Гомельскага гарадскога аддзялення па надзвычайных сітуацыях. Там распавялі, што гэтай ноччу гарадскія ўлады не займаліся ліквідацыяй падзення аскепкаў невядомага аб'екта.

Нічога не чулі і нічога не бачылі ў гарадскім ваенным камісарыяце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.