У паліцыі Алматы заявілі аб "ліквідацыі" дзясяткаў нападнікаў

У Алматы праходзіць сілавая аперацыя / скрыншот відэа, ТАСС
У Алматы праходзіць сілавая аперацыя / скрыншот відэа, ТАСС

Аб дзясятках загінуўшых у Алматы паведаміла афіцыйны прадстаўнік Дэпартамента паліцыі горада Салтанат Азірбек. Яе словы прыводзіць расійскае агенцтва ТАСС.

Прадстаўнік алмацінскай паліцыі распавяла, што мінулай ноччу "экстрэмісцкія сілы" паспрабавалі ўзяць штурмам шэраг адміністрацыйных будынкаў у горадзе, у тым ліку дэпартамент паліцыі.

"Дзесяткі тых, хто нападаў, ліквідаваныя, іх асобы ідэнтыфікуюцца", —  заявіла яна.

Паводле слоў Азірбек, сілавая аперацыя працягваецца. У сувязі з гэтым яна папрасіла гараджан "у мэтах уласнай бяспекі ўстрымацца ад выхаду з дамоў".

Нагадаем, напярэдадні пратэстоўцы ў Алматы амаль цалкам узялі пад кантроль горад, захапілі мэрыю (яе спалілі), аэрапорт, а таксама шэраг іншых аб'ектаў.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў звярнуўся ў АДКБ з просьбай увесці ў краіну міратворчыя сілы. У АДКБ абяцалі дапамагчы ў "стабілізацыі і нармалізацыі абстаноўкі".

Між тым у сталіцы Казахстана Нур-Султане абстаноўка з раніцы спакойная, паведамляе карэспандэнт ТАСС. Хоць інтэрнэт па-ранейшаму недасяжны. Але транспарт працуе ў штатным рэжыме, а рэзідэнцыя прэзідэнта краіны ачэпленая спецназам. Акрамя таго, зачыненыя ўсе аддзяленні банкаў і пункты абмену валют, большасць банкаматаў не працуюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі