У першы дзень падачы дакументаў ва ўніверсітэтах чэргі (фота)
Каля сотні чалавек стаіць у фае БДУ ўжо зранку. Сёлета запоўніць заяву можна анлайн, праз тэлефон ці камп'ютар, але ад чэргаў гэта не ратуе.
"Іду на хімічны факультэт, мне падабаўся настаўнік у школе па гэтым прадмеце, хачу ствараць лекі. На тэставанні набрала 301 бал, па хіміі 62", — апісвае абітурыентка Юлія.
Па стане на 15:00 першага дня падачы дакументаў на гэты факультэт падаліся 140 чалавек. Большасць мае 300 балаў і болей.
"Іду на гістарычны, бо добры настаўнік быў па гэтым прадмеце, мама займаецца краязнаўствам, і я люблю гэты прадмет", — Ірына хоча быць музеезнаўцам.
Трапляюцца і тыя, хто пакуль сумняваецца і яшчэ толькі абірае будучую спецыяльнасць. Яна хоча быць даследчыкам, займацца матэматыкай і фізікай.
"Абіраю паміж механіка-матэматычным факультэтам, фізічным факультэтам і факультэтам радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій. Хачу, каб была і фізіка, і матэматыка. Спецыяльнасць я абрала яшчэ ў 10 класе, але цяпер узнікаюць сумневы".
Самы папулярны ў першы дзень падачы дакументаў факультэт у БДУ — прыкладной матэматыкі і камп'ютарных тэхналогій. Сюды падалося ўжо 280 чалавек. Наогул для першага дня ўступнай кампаніі паток абітурыентаў завялікі.
Бо традыцыйна ў першы дзень ідуць медалісты, выдатнікі, завочнікі. Пра нечуваную колькасць кажуць і ў прыёмнай камісіі.
У галоўнай ВНУ для айцішнікаў — Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі — у першы дзень падачы дакументаў людзей, наадварот, няшмат. Прыходзяць тыя, хто дакладна вызначыўся са спецыяльнасцю: завочнікі і будучыя вайскоўцы.
"Іду на Ваенны факультэт, на спецыяльнасць "вылічальныя сістэмы і сеткі". Я скончыў сувораўскую вучэльню і вырашыў звязаць з гэтым сваё жыццё", — апісвае Ілля.
Ксенія ідзе на завочнае, бо ўжо працуе ў IT-сферы.
"Я вучылася ў каледжы бізнесу і права і цяпер паступаю адразу пасля каледжа. На тэставанні набрала палову".
У Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка некалькі дзясяткаў чалавек у чарзе. Большасць тут падае дакументы разам з бацькамі, многія нервуюцца.
Юлія чакае ў чарзе, каб падаць дакументы, ужо пару гадзін. Працуе ў дзіцячым садку і хоча атрымаць адпаведную адукацыю.
Разам са школьным атэстатам яна мае больш за 200 балаў. На яе факультэт ужо падалося 270 чалавек, але са сваімі баламі Юлія пакуль у авангардзе.
Уступная кампанія на бюджэт працягнецца да 14 ліпеня.