У Польшчы адмаўляюцца ад сірэны ў памяць аб авіякатастрофе пад Смаленскам

Абломкі прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам / Gazeta Wyborcza
Абломкі прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам / Gazeta Wyborcza

10 красавіка а 08:41 па ўсёй Польшчы прагучаць сірэны. Такім чынам урад краіны збіраецца ўшанаваць памяць загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам 12 гадоў таму.

Але рашэнне ўрада выклікала крытыку з боку мэраў шматлікіх гарадоў. Іх адмова ўключаць сірэны звязана з вялікай колькасцю ўкраінскіх бежанцаў на тэрыторыі Польшчы. Кіраўніцтва гарадоў упэўнена, што гук сірэны для бежанцаў стане траўматычным, піша выданне Dziennik.pl.

Так, мэр Лодзі Ханна Зданоўска назвала падобнае рашэнне ўрада безадказным:

"Я вырашыла, што заўтра ў Лодзі сірэны ўключацца не будуць. Ва ўмовах вайны ў Украіне працяг злоўжывання гэтымі сігналамі з боку ўрада і ваяводы з'яўляецца крайняй безадказнасцю".

Прэзыдэнт Познані Яцэк Яськовяк таксама адмовіўся падпарадкавацца пастанове ўладаў:

"Мы адназначна адмаўляемся!!! У Познані жывуць дзясяткі тысяч чалавек. Траўмаваныя бежанцы, у тым ліку дзеці, у якіх выклікае страх і моцны стрэс нават гук самалёта".

Не збіраецца прытрымлівацца ўказання чыноўнікаў і мэр Быдгашчы Рафал Брускі.

"Я ведаю, што дзеці рэагуюць нават на школьны званок, хаваючыся пад лаўкамі, я ўяўляю, што для тых, хто ўцёк ад бомбаў, сірэна — гэта смерць, кроў, гэта самае страшнае ў жыцці".

А вось у Варшаве сірэны хутчэй за ўсё прагучаць:

"За сірэны ў Варшаве адказвае ваявода ў абыход горада. Я заклікаю да розуму, спачування, цішыні!" — паведаміў мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі.

Авіякатастрофа пад Смаленскам адбылася 10 красавіка 2010 года. Самалёт Ту-154М выконваў рэйс па маршруце Варшава — Смаленск: дэлегацыя польскіх палітыкаў на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім накіроўвалася ў Катынь — ушанаваць памяць польскіх грамадзян, якія сталі ахвярамі масавых растрэлаў у 1940-м годзе.

Пры заходзе на пасадку на аэрадром Смаленск-Паўночны ва ўмовах моцнага туману самалёт сутыкнуўся з дрэвамі, перакуліўся і ўпаў на зямлю. 96 чалавек, якія знаходзіліся на борце, — 88 пасажыраў і 8 членаў экіпажа — загінулі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі