У Польшчы плануюць спрасціць і паскорыць выдачу карт пабыту замежнікам
Польскі ўрад плануе спрасціць і паскорыць працэдуру выдачы замежнікам карт пабыту — гэта дазвол на часовае пражыванне і працу ў краіне. Як піша the-warsaw.com, урад плануе прыняць папраўкі ў закон аб іншаземцах у трэцім квартале 2021 года.
Мяркуецца прыняць наступныя папраўкі:
— каб атрымаць дазвол на часовае пражыванне і працу, не трэба будзе мець гарантаванае месца жыхарства і рэгулярную крыніцу даходу. Аднак прэтэндэнт павінен атрымліваць не менш за мінімальны заробак, незалежна ад працоўнага часу;
— будзе ўведзены новы алгарытм змены карты пабыту пры змене працадаўцы альбо ў выпадку страты неабходнасці мець дазвол на працу;
— пашырыцца спіс абставінаў, пры якіх не патрэбная змена карты пабыту;
— атрыманне дазволу на часовае пражыванне і працу замежнікамі будзе паскоранае, калі гэтыя замежнікі працуюць у арганізацыях, якія маюць асаблівае стратэгічнае значэнне для польскай эканомікі.
Акрамя таго, плануюцца наступныя нормы:
— захаваецца 60-дзённы тэрмін для выдачы дазволу на часовае пражыванне ў першай інстанцыі. Час будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальных недахопаў у заяве, калі пры гэтым іншаземец асабіста з'явіўся і падаў усе неабходныя дакументы;
— разгляд справы аб апеляцыі па пытаннях выдачы дазволу на часовае пражыванне будзе адбывацца на працягу 90 дзён;
— органы, якія ўдзельнічаюць у выдачы карты пабыту, змогуць абменьвацца інфармацыяй з дапамогай электронных сродкаў камунікацыі;
— пры выдачы карты пабыту для работнікаў, чыя прафесія патрабуе высокай кваліфікацыі, сярэдні заробак будзе лічыцца за год, які папярэднічае падачы заявы, а не за год, які папярэднічаў заключэнню дамовы на выкананне работ;
— будуць упарадкаваныя правілы па выдачы карты пабыту, калі іншаземец не падае заяву на дазвол асабіста;
— прыняцце рашэння аб выдачы дазволу на пастаяннае жыхарства альбо на карту рэзідэнта ЕС будзе адбывацца на працягу 6 месяцаў. Тэрмін будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальнасцяў пры ўмове, што роэтэндэнт з'явіўся асабіста і падаў усе неабходныя дакументы.
Плануецца таксама ўвесці часовы рэгламент для спрошчанай працэдуры выдачы дазволу на часовае пражыванне і працу па справах, адкрытых да 1 студзеня 2021 года і не завершаных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.