У профільныя класы ў школах Беларусі будуць прымаць праз конкурс
Такое рашэнне прынялі ўрад і Міністэрства адукацыі пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы.
У школах Беларусі, як у рэгіёнах, так і ў Мінску, плануецца ўкараняць сістэму профільнай адукацыі. Пра гэта паведаміла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. Яна нагадвае, што яшчэ летась ўрад і Міністэрства адукацыі прапанавалі ўвядзенне з 2015/2016 навучальнага года профільнага навучання і конкурснага адбору ў 10-х класах і былі падтрыманыя кіраўніком дзяржавы.
Паводле Сідарэнкі, профільнае навучанне будзе садзейнічаць канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі і "створыць неабходныя ўмовы для фармавання і выкарыстання чалавечага капіталу ў мэтах забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага і духоўнага развіцця краіны". Для навучэнцаў новаўвядзенне дапаможа вывучыць на павышаным узроўні дысцыпліны, якія ім неабходныя для далейшага працягу адукацыі.
Адзначаецца, што права выбару прадметаў, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні, атрымае дырэктар школы па ўзгадненні з заснавальнікам. Залічэнне навучэнцаў у профільныя класы з новага навучальнага года будзе здзяйсняцца на конкурснай аснове па выніках навучання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі: адзнакі па прафілюючых прадметах мусяць быць не ніжэй за 7 балаў, сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі — не ніжэй за 6, інфармуе прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Больш падрабязна пра новаўвядзенне гл. тут.
Партал tut.by нагадвае, што міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў заявіў 3 красавіка, што да конкурса пры паступленні ў 10-ы клас Беларусь прыйдзе праз 5 гадоў, а цяпер гэта рабіць "несправядліва, паколькі правілы гульні трэба вызначаць загадзя".
Фота: БЕЛТА