У Рэчыцкім раёне п'яная кампанія пакінула жанчыну паміраць на абочыне
У Рэчыцкім раёне п'яная кампанія пакінула паміраць 49-гадовую жанчыну на абочыне. Яна атрымала траўмы падчас экстрэмальнай паездкі на мотаблоку. Як інфармуе прэс-служба МУС, 1 чэрвеня п'яныя мужчына і жанчына з вёсці Белае Балота паехалі на мотаблоку на возера. Па дарозе ён неаднаразова перакульваўся, пасажыры падалі і атрымлівалі траўмы. Тым не менш, да возера яны дабраліся, ужывалі спіртныя напоі. Калі позна ўвечары кампанія вярталася пешшу (у мотаблока скончыўся бензін і яго кацілі), жанчына стала падаць. 36-гадовы сужыцель спрабаваў яе падняць, а ў выніку вырашыў пакінуць.
Толькі а 5-й гадзіне раніцы мінак убачыў жанчыну на абочыне і патэлефанаваў у міліцыю. Але на той час яна ўжо памерла. Сілавікі хутка высветлілі, што ж здарылася. У дачыненні сужыцеля і 42-гадовага мужчыны, які быў у кампаніі (раней абодва мелі праблемы з законам), распачалі крымінальную справу за пакіданне чалавека ў небяспецы. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі і штраф.