У садку Мінскага раёна некалькіх дзяцей шпіталізавалі адразу пасля абеду

У садку Мінскага раёна некалькіх дзяцей шпіталізавалі адразу пасля абеду

У аграгарадку Вішнёўка некалькі дзяцей адчулі сябе кепска пасля абеду, ім спатрэбілася шпіталізацыя. Прычыны здарэння зараз высвятляюць санітарныя службы, перадае тэлеканал СТВ

Загадчыца садка Любоў Акуліч кажа, што гэта першы падобны выпадак за 40 гадоў яе працы. "І садавіна, і мяса, і рыба — усё свежае у нас. У нас завоз трохразовы, усе паводле тэрміну рэалізацыі ў нас добрыя прадукты. Нам не прывозяць пратэрмінаваных прадуктаў", — запэўнівае яна.

На абед дзецям давалі боршч, свежы гурок, гарнір — пюрэ з зялёным гарошкам, рыбныя хлебцы, сок. Мяркуецца, што менавіта пасля чацвярговага абеду ў некаторых дзяцей з'явілася млоснасць, забалеў жывот і ўзнялася тэмпература.

Пасля ананімнага тэлефанавання на "гарачую лінію" ў яслі-сад прыехала спецыяльная камісія. 

Загадчыца аддзела эпідэміялогіі Мінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Семянко-Баярынцава кажа, што папярэдні дыягназ, які паставілі дзецям, — востры гастраэнтэрыт, але ён пакуль пад пытаннем. Пацвярджэнне можа з'явіцца толькі пасля лабараторных даследаванняў. "Гэта можа быць звязана з прыёмам ежы, парушэннем правілаў асабістай гігіены", — дадае прадстаўніца санстанцыі.

12 красавіка ўвечары ў інфекцыйную лякарню паступілі трое дзяцей. Аднаго з іх ужо выпісалі. Астатнім медыкі аказваюць неабходную дапамогу, але кажуць пра станоўчую дынаміку. 

Колькі агулам пацярпела дзяцей, сказаць складана, бо не ўсе бацькі звярталіся па меддапамогу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі