У сакавіку ў Беларусі па крымінальных палітычных справах судзілі 165 чалавек

У Беларусі амаль 1400 палітвязняў

У Беларусі амаль 1400 палітвязняў / dpa

У сакавіку 2024-га беларускія праваабаронцы зафіксавалі "тэндэнцыю павелічэння інтэнсіўнасці судовых разглядаў па палітычных крымінальных справах" у Беларусі. Па іх звестках, у мінулым месяцы судзілі не менш за 165 чалавек (48 жанчын і 117 мужчын). Найбольш — у Мінску (92 чалавекі), Гомельскай (24) і Брэсцкай (20) абласцях.

Працягваюцца масавыя суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Не менш за 85 чалавек у мінулым месяцы былі асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Адным з найбольш істотных рэпрэсіўных інструментаў з боку рэжыму з'яўляецца крымінальны пераслед па палітычных матывах цэлых сем'яў і груп сваякоў. Правабаронцам вядома, што ў сакавіку асуджана за ўдзел у пратэстах 10 сем'яў.

Другой адметнай асаблівасцю ў "структуры сакавіцкага крымінальнага пераследу" стаў разгляд крымінальных спраў паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці". У сакавіку праваабаронцы зафіксавалі не менш за 6 такіх выпадкаў.

Трэцяй адметнай асаблівасцю крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы па палітычных матывах сталі шматлікія паўторныя суды ў дачыненні да рэпрэсаваных, якія ўжо адбываюць тэрміны зняволення. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што рэжым "акрамя ізаляцыі палітычных зняволеных, аказвае на іх дадатковы ціск унутры пенітэнцыярнай сістэмы, вынікам якога з'яўляецца фактычна павелічэнне тэрміну пакарання".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі