У Шаблях станчаць у гонар Ігната Буйніцкага
Танцавальная вечарына да ўгодкаў з дня нараджэння заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатру пройдзе 17 жніўня.
Паўдзельнічаць у святкаванні зможа кожны ахвотны. Наведнікаў чакаюць майстар-класы па беларускіх народных танцах, песні, гульні, вершы. Арганізатары вечарыны рыхтуюць сапраўднае свята для аматараў беларускай народнай культуры.
Месца правядзення — хутар Шаблі ў вёсцы Малое Запруддзе Валожынскага раёна. Пачатак а 15:00. Уваход вольны.
Вядомы беларускі акцёр, рэжысёр і тэатральны дзеяч Ігнат Буйніцкі нарадзіўся 10 (22) жніўня 1861 года ў фальварку Палівачы на Віцебшчыне. Ён з'яўляецца заснавальнікам першай прафесійнай беларускай тэатральнай трупы, з якой гастраляваў па мястэчках і вёсках Беларусі, у Вільні, Варшаве, Мінску, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах.
Ігнат Буйніцкі першым вывеў на сцэну “мужыцкі” танец, як пастаноўшчык і выканаўца прадэманстраваў прыгажосць і невычарпальныя магчымасці беларускіх народных танцаў. Як драматычны акцёр Буйніцкі пераважна выступаў у характарных ролях, ён умела выяўляў тонкую іронію і гумар, нагадвае “Наша Ніва”.