У Шчучынскім раёне ліцэіст пераехаў трактарам пешахода (фота)
Днём 21 верасня ў аграгарадку Скрыбаўцы 17-гадовы навучэнец ліцэя на трактары з прычэпам перавозіў бульбу.
Як інфармуе БЕЛТА, трактарыст павярнуў з вуліцы Савецкай на Усходнюю і не размінуўся з пешаходам. Сам мужчына, дарэчы, ішоў па ўсіх правілах — па краі праезнай часткі ў сустрэчным напрамку.
Пешахода зачапіла каўшом трактара. А пасля таго, як ён паваліўся, трактар праехаў па ім колам і заехаў у бетонны плот.
Паведамляецца, што загінуў жыхар Ліды, які перад гэтым наведаў бацькоў.
Юны кіроўца атрымаў пасведчанне трактарыста менш як тры месяцы да здарэня. Магчымай прычынай здарэння ў ДАІ назвалі неналежны стан тармазной сістэмы трактара.
З нагоды смерці чалавека праваахоўнікі пачалі крымінальную справу.