У Шчучынскім раёне затрымалі арганізатараў перапраўкі ў ЕС нелегалаў
У Шчучынскім раёне памежнікі затрымалі арганізатараў перапраўкі ў ЕС нелегалаў. Яны ехалі ў двух аўтамабілях "Вольва" і везлі 9 грамадзян В'етнама (іх узрост — ад 17 да 39 гадоў). Нелегалы патлумачылі, што збіраліся патрапіць у краіны Еўрасаюза ў пошуку лепшых умоваў жыцця. Але дакументаў для афіцыйнага пераходу мяжы не мелі. Таму іх мусілі нелегальна пераправіць у Літву.
Прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі адзначае, што ў групе арганізатараў з шасці чалавек — траіх расіян (з іх — два чачэнцы), аднаго малдаваніна і двух дзяўчын з Беларусі (ва ўзросце 24 і 25 гадоў) былі падзеленыя функцыі. Адна машына ехала наперадзе ў якасці "разведчыка", за ёй на пэўнай адлегласці ўжо рухаўся аўтамабіль з нелегаламі. Адныя ўдзельнікі групы перапраўлялі людзей праз мяжу, іншыя за мяжой назіралі. У адносінах затрыманых арганізатараў распачалі крымінальную справу "за арганізацыю незаконнай міграцыі групай асобаў па папярэдняй змове". Амаль усе яны знаходзяцца за кратамі (выпусцілі толькі адну з беларусак). Праводзіцца папярэдняе расследаванне. В'етнамцам пагражае дэпартацыя.
Здымак з архіву. Фота: Bymedia.net