У шклоўскай лякарні зачынілі інфекцыйнае аддзяленне
Шклоўская раённая бальніца / shklovinfo.by
У шклоўскай раённай лякарні зачынілі інфекцыйнае аддзяленне, піша "Наша Ніва". Цяпер хворых на інфекцыйныя захворванні будуць вазіць у магілёўскую бальніцу №1. Яна размяшчаецца за тры дзясяткі кіламетраў ад Шклова і яшчэ не працуе. Яе аўральна будавалі з разлікам на чарговую хвалю кавіднай эпідэміі.
У гутарцы з журналістамі медыкі выказалі меркаванне, што такую "мадэрнізацыю" правядуць ва ўсіх бальніцах райцэнтраў, геаграфічна блізкіх да лякарняў, здольных прыняць пацыентаў з інфекцыйнымі ці іншымі хваробамі.
Яны патлумачылі, што раённым лякарням элементарна бракуе кадраў. "Асноўная прычына закрыцця аддзялення ў Шклове — адсутнасць дактароў і медработнікаў сярэдняга звяна. Санітарак неяк набраць могуць. Выдзеляць на базе тэрапеўтычнага аддзялення пару палат і будуць шпіталізаваць інфекцыйных хворых. Усіх жа ў Магілёў не павязеш, калі толькі маршруткамі. Пагатоў у Шклове ёсць палаты з асобным санвузлом", — кажа медык з Магілёва.
Рашэнне пераводзіць хворых з райцэнтраў лекары звязваюць з праверкай, якую праводзіла адмысловая камісія, створаная з ініцыятывы Лукашэнкі. Узначальвала праверку Ірына Абельская, галоўная лекарка Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.
Шклоўская раённая бальніца стала вядомай па ўсёй Беларусі, калі Лукашэнка заявіў, што выратаваў там жанчыну — "практычна выцягнуў з моргу". Паводле ягонага загаду, пацыентку таду з Шклова перавезлі ў Магілёў, а адтуль — у Мінск. Пасля гэтага і стварылі камісію, якую ўзначаліла Абельская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.