У школе забараняюць гаджэты. Як быць і навошта тады электронныя падручнікі?
"У нагу з часам" / pixabay.com
Замест планшэтаў з запампаванымі электроннымі падручнікамі — кніжкі, карыстацца тэлефонамі забаронена нават на перапынках. Іх трэба здаваць. Такія правілы агучыла адміністрацыя вучням адной з мінскіх школ. Настаўнікі скардзяцца, што школьнікі іх ігнаруюць, бацькі здзіўляюцца: "З якой нагоды дзеці мусяць цягаць цяжкія партфелі ў стагоддзе развіцця інфармацыйных тэхналогій? І навошта тады наогул патрэбныя электронныя падручнікі, калі па факце карыстацца імі на ўроках забаронена?”
Каб дапамагчы бацькам разабрацца ў канфлікце, журналіст Еўрарадыё вывучыў дакументы, якія тычацца выкарыстання мабільнай тэхнікі ў навучальных установах, пагутарыў з чыноўнікамі, педагогамі і псіхолагам.
Што кажа закон
У траўні 2022 года ў Беларусі быў распрацаваны дзяржаўны школьны стандарт. У адпаведнасці з дакументам школьнікі мусяць выключаць і здаваць сродкі мабільнай сувязі ў спецыяльную скрынку падчас урока і забіраць пасля званка. Тэлефанаваць блізкім можна, але толькі ў экстранных выпадках, акрамя таго, настаўнікі могуць дазволіць карыстацца гаджэтамі на занятках. Усё гэта відавочна супярэчыць забароне адміністрацыі на выкарыстанне тэхнікі, і парушыўшы яе, вінаватыя будуць не толькі дзеці, але і педагогі.
Больш за тое, існуе інструктыўна-метадычны ліст Мінадукацыі "Аб выкарыстанні сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі", які прысвечаны ўкараненню інфармацыйных тэхналогій у працэс адукацыі да 2025 года і якому забарона на выкарыстанне гаджэтаў таксама супярэчыць.
Навошта адміністрацыя школы забараняе мабільнікі?
На думку Лаўрухіна, гэта адбываецца, каб бацькі не ўмешваліся ў навучальны працэс. Ёсць інцыдэнты, калі дзеці здымаюць тое, што адбываецца на ўроках на відэа. Раней, калі сітуацыя была спакайнейшай, з такімі выпадкамі можна было разабрацца ўнутры калектыву, але цяпер, калі атмасфера напаленая і градус зашкальвае, а настаўнікі выгараюць, гэта можа зрабіцца трыгерам нейкіх хваляванняў і скандалаў.
Такім чынам, педагогі самі прэвентыўна абразаюць любую камунікацыю з вонкавым светам, каб ніякай смецце з хаты не выносілася.
"Іншае пытанне — электронныя падручнікі, — працягвае суразмоўца. — Настаўнікі асцерагаюцца, што на планшэтах ці іншых гаджэтах таксама можа быць магчымасць запісаць, сфатаграфаваць, неяк зафіксаваць тое, што адбываецца ў класах, выйсці ў інтэрнэт, — адсюль і страх не кантраляваць працэс.
Другі, мне здаецца, момант — гэта архаізацыя. Многія настаўнікі ніколі не гарэлі жаданнем выкарыстоўваць электронныя кнігі. Яны досыць кансерватыўныя, асабліва тыя, хто старэйшы, і іх нямала ў беларускіх школах.
Але страх тут вышэйшы за ўсё. І важна падкрэсліць, што дзеці — не заўсёды ахвяры. Справакаваўшы настаўніка, запісаўшы нейкія яго словы, апублічыўшы запіс, школьнік можа данесці на свайго настаўніка, не заўсёды заслужана.
Выходзіць, што забарона — больш надзейны спосаб выключыць такія сітуацыі. Інфармацыя не павінна выходзіць за межы не толькі школы, але нават кабінета. Гэта небяспечна".
Як быць, калі хочацца ісці ў нагу з часам?
Паводле старой звычкі, бацькам можна было б рэкамендаваць, каб яны дамагаліся свайго. Але ў пытанні выкарыстання гаджэтаў дзяржава можа дазволіць школам быць аўтаномнымі.
"З аднаго боку, звяртацца па тлумачэнні сітуацыі — гэта правільныя паводзіны бацькоў, з другога — дзеці могуць зрабіцца ахвярай неабдуманых і рэзкіх прэтэнзій, — папярэджвае псіхолаг Наталля Скібская. — Тым не менш, няма сумненняў, што абараняць сваіх дзяцей на ўсіх узроўнях — гэта абавязак бацькоў. Можна ж дамовіцца, што падручнікі на гаджэты будуць запампаваныя. Прапануеце адміністрацыі: "Няхай дзеці не выкарыстоўваюць мабільны інтэрнэт, але прыносяць на планшэтах запампаваныя кнігі". Гэта значыць, трэба дамаўляцца нават з такой вось дурной уладай, у тым ліку паказваць спосаб мірнага развязання канфлікту".
Псіхолаг раіць даваць вучням альтэрнатыву ў вольны час, калі ў школах многае забараняюць.
"Дзецям неабходна даваць магчымасць трэніраваць суб'ектнасць, прапануючы ім выбар. Трэба паказваць, што яны могуць выбіраць, што ім ёсць, з кім сябраваць, куды хадзіць і што насіць на вуліцу.
Трэба размаўляць і дамаўляцца, не ціснуць на дзяцей, не закручваць гайкі яшчэ больш, а даваць альтэрнатыўны досвед свабоды, выбару, кампрамісу і дыялогу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.