У Следчым камітэце адмаўляюць сувязь паміж пратэстамі і смерцю мінчука
Прэс-служба Следчага камітэта пракаментавала публікацыі пра смерць 52-гадовага Аляксандра Будніцкага ў Мінску.
Як паведамлялася ў СМІ, мужчына знік увечары 11 жніўня. Яго суседзі расказалі, што толькі 31 жніўня брату Аляксандра Будніцкага паведамілі пра знаходку цела. Гаварылася, быццам знайшлі яго ў скверы недалёка ад гандлёвага цэнтра "Рыга".
У прэс-службе СК заяўляюць, што гібель мужчыны здарылася далекавата ад "Рыгі" — каля дома №17 на вуліцы Берасцянскай.
"Па дадзеных следства, позна вечарам 11 жніўня ў скверы паблізу аднаго з дамоў на вуліцы Берасцянскай у Мінску мужчына папрасіў у мінакоў закурыць. У нейкі момант 52-гадоваму жыхару Мінска стала дрэнна, у выніку чаго ён упаў. Нягледзячы на праведзеныя медыцынскімі работнікамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, мужчына памёр на месцы", — гаворыцца ў паведамленні СК. Прычынай смерці называецца "вострае атручванне этылавым спіртам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.