У Слуцку міліцыянты затрымалі зборшчыкаў подпісаў на выбарчым пікеце
1 кастрычніка ў Слуцку міліцыянты затрымалі Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка — кіраўніка і чальца ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аліны Нагорнай кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Як перадае Радыё "Свабода", здарэнне адбылося каля 13-й гадзіны.
Па словах Случака, міліцыянты спыталіся ў хлопцаў пасведчанні і падпісныя лісты. Актывісты паказалі дакументы, але іх усё адно забралі ў РАУС. Міліцыянты заявілі, што пікет стаяў "там, дзе нельга стаяць". Случак кажа, што пікет быў у незабароненым месцы — каля Дома культуры.
Адпусцілі актывістаў праз дзве з паловай гадзіны. Абвінавачанняў ім не выстаўлялі.
Случак прызнаецца, што галоўнай мэтай акцыі быў не збор подпісаў за вылучэнне Нагорнай. Сама дзяўчына не збіраецца вылучацца ў дэпутаты, а ініцыятыўныя групы яна рэгістравала, каб зладзіць пікеты за помнік удзельнікам Слуцкага паўстання 1920 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.