У Смілавічах камунальнікі пакінулі на выхадных дом без даху

У Смілавічах камунальнікі пакінулі на выхадных дом без даху

У Смілавічах Чэрвенскага раёна жыхары трохпавярховага дома на вуліцы Горкага апынуліся ў непрыемнай сітуацыі па віне камунальнікаў. Як піша tut.by, дом рамантуюць ужо шосты год. У 2013 годзе тут правялі планавы рамонт, але дах працягваў працякаць. І сёлета камунальнікі вырашылі зрабіць капітальны рамонт даху.

Па словах жыхара дома Валерыя Вітальевіча, з 11 па 13 траўня рабочыя знялі дах над трыма кватэрамі і сышлі на выходныя. Сам мужчына ў пятніцу затэлефанаваў у мясцовую ЖКГ і сказаў, што сіноптыкі перадаюць дажджы на выхадныя, а жыхары засталіся без даху. Камунальнікі спаслаліся на тое, што гэта ўказанне дырэктара ЖКГ Чэрвенскага раёна Ігара Навіцкага.

У нядзелю, 15 траўня, пайшоў дождж, і верхнія кватэры проста заліло. Па словах жыхара, сапсаваныя мэбля, шпалеры, падлога. "Я тэлефанаваў дыспетчару, на гарачую лінію, але, вядома, да нас ніхто не прыехаў. Таму я выклікаў МНС і міліцыю. Яны склалі пратакол і будуць разбірацца, — кажа Валерый Вітальевіч.

У панядзелак раніцай камунальнікі прыехалі з бітумам, каб пачаць латаць дах. А з Чэрвенскай ЖКГ паабяцалі даслаць камісію, якая ацэніць шкоду.

Самі камунальнікі кажуць, што папярэджвалі дырэктара Чэрвенскай ЖКГ, што прагноз абяцае дождж. Але ён загадаў пачынаць рамонт. У панядзелак ва УП "Чэрвенская ЖКГ" заявілі, што дырэктар Ігар Навіцкі знаходзіцца на бальнічным, а яго намеснік, галоўны інжынер Аляксандр Тарасік, увесь дзень на нарадах.

Тым часам пацярпелыя ўладальнікі кватэр ужо напісалі некалькі зваротаў у вышэйшыя інстанцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі