У Светлагорску міліцыя сілай затрымала журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага
У Светлагорску 13 красавіка міліцыянты сілай затрымалі гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Пра гэта праваабарончаму сайту "Вясна" паведаміла відавочца падзеяў, жыхарка Светлагорску Алена Маслюкова.
Як паведамляецца, а 14-й гадзіне ў будынку райвыканкаму планавалася сустрэча кіраўніцтва раёна з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Каля будынку райвыканкаму знаходзіўся і журналіст Кастусь Жукоўскі. Супрацоўніца аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ала Манькевіч заявіла яму, што фрылансер не мае права весці здымкі і выклікала міліцыю. Калі прыбылі міліцыянты, Жукоўскі ўжо зайшоў у будынак райвыканкаму. Пра далейшае распавяла Алена Маслюкова: "Я бачыла, што яго міліцыя выводзіла з будынку, літаральна цягнула, з ужываннем сілы. Кастуся Жукоўскага павезлі ў РАУС для разбіральніцтва". Там журналіст правёў дзве гадзіны.
Дарэчы, Жукоўскага ўжо неаднаразова затрымоўвалі за здымкі і судзілі за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Ад пачатку году ён быў асуджаны ў Карме, Калінкавічах, Жыткавічах, Мазыры, Гомелію, Жлобіне. Штрафы склалі больш за 70 мільёнаў рублёў.