У Тбілісі прайшоў жаночы марш супраць закона аб замежных агентах

Жаночы марш у Тбілісі / Reuters
Жаночы марш у Тбілісі / Reuters

У Тбілісі 8 сакавіка прайшоў марш "Жанчыны супраць татальнага кантролю". Актывісткі накіраваліся да парламента, патрабуючы не дапусціць прыняцця закона аб замежных агентах, піша kavkaz-uzel.eu.

Арганізатары паведамілі, што ў маршы прынялі ўдзел тыя, чыё жыццё значна пагоршыцца пасля прыняцця новага закона. Гэта людзі, якія прайшлі праз гвалт, жыхары рэгіёнаў, мігранты, этнічныя і рэлігійныя меншасці, маці-адзіночкі, бацькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, людзі ў старэчым узросце ды іншыя групы насельніцтва, якія атрымліваюць падтрымку пры дапамозе няўрадавых арганізацый. Новы закон абмяжуе дзейнасць такіх арганізацый. Па словах арганізатараў, будуць ліквідаваныя і незалежныя СМІ, якія маглі б асвятляць гэтую сітуацыю.

Марш прайшоў са сцягамі Еўразвязу, пад барабанны бой і з лозунгамі "Не расійскаму закону". Удзельніцы неслі плакаты "Нашыя правы ў небяспецы", "Устань на правільны бок гісторыі" ды іншыя.

Аналагічныя акцыі адбыліся ў Горы, Батумі, Кутаісі, Ахалкалакі, Зугдзідзі і Тэлаві.

Як распавядала Еўрарадыё, 7 сакавіка ў Тбілісі паліцыя жорстка разганяла шматтысячную акцыю пратэсту. Адбыліся сутычкі мітынгоўцаў з паліцыяй. Супраць дэманстрантаў былі выкарыстаныя вадамёты і слёзацечны газ.

Парламент Грузіі 7 сакавіка ўхваліў у першым чытанні адзін з двух законапраектаў аб замежных агентах — "Аб празрыстасці замежнага ўплыву". Галасаванне па другім законапраекце "Аб рэгістрацыі замежных агентаў" прызначанае на 9 сакавіка.

Прэзідэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі адмовілася падтрымліваць законапраект і заявіла, што накладзе на яго вета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі