У тэатрах заменяць беларускую класіку на сучасныя камедыі становішчаў?
Савет міністраў уводзіць абавязковую норму сярэднегадавой наведвальнасці спектакляў. Ад яе залежыць, колькі грошай атрымаюць тэатры.
Дзяржаўныя датацыі тэатраў будуць залежаць ад сярэднегадавой наведвальнасці іх пастановак. Гэты паказчык будзе вызначацца для кожнага тэатра асобна, органамі, якім яны падначаленыя.
“Калі арганізацыі культуры ў 2014 годзе не выканаюць усталяваны паказчык, нарматыў фінансавага забеспячэння, будзе змяншацца прапарцыянальна невыкананню паказчыка сярэдняй запаўняльнасці глядацкай залы, і сродкі, вылучаныя арганізацыям культуры паводле нарматыву фінансавага забеспячэння, належаць вяртанню ў бюджэт”, — напісана ў Пастанаўленні саўміна “Пра вызначэнне фінансавага забеспячэння для асобных арганізацый культуры”.
Сталічныя тэатры каментаваць не спяшаюцца. Абласныя тэатры пастанаўленне Савету міністраў ужо паспела напалохаць.
“Пакуль гэта гучыць як такі сур’ёзны прысуд, асабліва, Улічваючы, што тэндэнцыя апошнім часам на змяншэнне глядацкай цікавасці, — каментуе Еўрарадыё намеснік дырэктара Гомельскага драматычнага тэатра Сяргей Гульчын. — Тым больш, ёсць такое паняцце як культурная праграма з прыростам, то бок трэба павялічваць колькасць пастановак, а чым больш спектакляў, тым менш сярэдняя напаўняльнасць залы. Ну, і рэпертуар трэба карэктаваць. Рабіць стаўку на камерцыйныя, касавыя пастаноўкі, адмаўляцца ад класікі, ад беларускай драматургіі”.
У Магілёўскім драматычным тэатры кажуць, што праблем з наведвальнасцю няма, у сярэднім, дзесьці 80% залы запоўнена. І гэта нягледзячы на менавіта рэпертуарны падыход, некамерцыйны.
“Мы ставім розныя спектаклі: эксперыментальныя, ставім класіку, фестывальныя спектаклі.., якія не для ўсіх зразумелыя і масавага гледача на іх не будзе, — распавядае замдырэктара драмтэатра Ірына Рабцава, — На жаль, для нашага гледача вельмі запатрабаваныя толькі забаўляльныя пастаноўкі пераважна сучасных аўтараў, такія камедыі становішчаў”.
Як даведалася Еўрарадыё, аблвыканкамы ўжо сабралі ў тэатраў сярэднюю наведвальнасць за тры гады. Мяркуючы па ўсім, яны і стануць асновай для гадавога “глядацкага нарматыву”. Па словах дырэктара сталічнага Моладзевага тэатра Віктара Старавойтава, у бліжэйшую пятніцу мусіць адбыцца паседжанне, дзе гэтае пытанне будзе вырашацца.
“Дырэктары тэатраў на калегіі міністэрства выказваліся, што трэба ўлічваць, што мы спрабуем не апускаць, а ўздымаць культурны ўзровень гледача, — кажа Віктар Андрэевіч. — Таму было вырашана, і намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік гэа агучыў, што 2014 год — эксперыментальны”.
Праз год убачым, чым скончыцца гэтая эксперыментальная пастаноўка саўміна.