У Тэхасе навучыліся друкаваць жылыя дамы за 2 дні (фота)
У Тэхасе навучыліся друкаваць жылыя дамы за 2 дні. Выраб такога аднапавярховага будынка плошчай каля 60 квадратных метраў на 3D-друкарцы каштуе 10 тысяч долараў. Эксперыментальны дом быў паказаны на фестывалі тэхналогій ў Остыне, як дэманстрацыя інавацыйнай канцэпцыі даступнага жылля.
"Бі-Бі-Сі” інфармуе, што праект рэалізавалі будаўнічая фірмы Icon і дабрачынная арганізацыя New Story, якая займаецца вырашэннем жыллёвай праблемы ў бедных краінах. Яго аўтары кажуць, што ў будучыні можна будзе знізіць цану пабудовы за кошт серыйнай вытворчасці, калі бетон можна будзе набываць па аптовых коштах, а таксама збіраюцца дапрацаваць 3D-друкарку. У планах і зніжэнне часу пабудовы да 24 гадзін, а пасля — да 12-ці.
Сёлета падобныя домікі пачнуць узводзіць у Сальвадоры. Магчыма, што ў 2019 годзе там пачнецца будаўніцтва цэлага мікрараёна з 100 будынкаў. Дарэчы, на ахвяраванні. Але дамы не збіраюцца раздаваць бясплатна, іх уладальнікі пагадзіліся заключыць дамовы на беспрацэнтную іпатэку. На працягу дзесяцігоддзя яны будуць выплачваць каля 30 долараў на месяц (сярэдні заробак жыхароў таго раёну каля 360 долараў). Гэтыя грошы будуць збірацца ў фондзе, які прафінансуе рамонт старых дамоў і пабудову новых.
3D-друкарка выглядае як вялікая металічная рама на рэйках. Памеры каркаса друкаркі абмяжоўваюць вышыню (пакуль яна не можа быць большай за 3,35 м) і шырыню дома. Яна працуе аўтаномна па чарцяжы, створаным з дапамогай камп’ютарнага мадэлявання. Жыхары такога дома змогуць самі спланаваць будынак ці выбраць варыянт планіроўкі сярод ужо існуючых. Бетон марудна падаецца і ўкладваецца пласт за пластом, дах робяць з дрэва, пасля падводзяць вадаправод і электрычнасць, заносяць мэблю.