"У вашай школе бомба, калі не пераведзяце 10 тысяч долараў, яна выбухне"
Такія лісты прыйшлі раніцай у чацвер дырэктарам 10 школ і гімназій Маладзечна.
"Паведамленні аб небяспецы паступілі па пошце. Гэта быў надрукаваны на прынтары тэкст, які быў запячатаны ў канверт. На звычайным аркушы паперы надрукаваны і запакаваны ў канверт. Тэкст наступнага зместу: патрабуецца перавесці 10 тысяч долараў ЗША. Быў указаны канкрэтны нумар электроннага кашалька. У выпадку адмовы пераводзіць грошы адбудзецца выбух і загінуць дзеці", — кажа Еўрарадыё прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Такія ж лісты атрымалі яшчэ 10 навучальных установаў, дзе адразу пачалася эвакуацыя, а з Мінска ў Маладзечна выехалі спецпадраздзяленні.
"Сёння ўдзень на адрас кіраўніцтва шэрага школ Маладзечна паступілі паведамленні, што іх навучальныя ўстановы нібыта замініраваныя. Як гэта прынята ў такіх выпадках, пачалася эвакуацыя дзяцей і персаналу. У Маладзечна былі накіраваныя спецыялісты-выбухатэхнікі і спецпадраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз" МУС Беларусі і Унутраных войскаў МУС. Міліцыя і мясцовая улада прымае ўсе меры па забеспячэнні бяспекі", — паведамляе Еўрарадыё Аляксандр Данільчанка, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама.
Усіх школьнікаў адпусцілі дадому. Некаторыя з іх не паспелі забраць свае рэчы са школы і радаваліся ў сацыяльных сетках, што "не трэба будзе рабіць дамашку". А ў гэты час сапёры правяралі кожны куток у 10 школах.
Школьнікі, якіх эвакуявалі са школ і адправілі дахаты, адразу паспелі стварыць "ВКонтакте" групу "Тэракт у школах Маладзечна". У групе хлопцы і дзяўчаты жартуюць і абменьваюцца інфармацыяй.
"Мы сядзелі на чарчэнні, да нас зайшлі ў клас і сказалі выходзіць. Мы выйшлі спакойна, нас паставілі ў строй і мы ціхенька пайшлі. Мы думалі, што гэта вучэбная трывога і спакойна выходзілі. Мы выйшлі на ганак, там стаялі. Потым да нас падышлі і сказалі, што тут знаходзіцца небяспечна, і сказалі ісці дахаты", — распавядае Еўрарадыё школьнік Мікіта.
Пасля праверкі ўсіх школаў, па стане на 16:30, ніякіх выбуховых прыладаў сапёры не знайшлі. Цяпер на месцы падзеяў працуе следчая група МУС, Следчага камітэта і КДБ. Следчая група разбіта на 10 падгруп і працуе адначасова ва ўсіх школах.
Узбуджана крымінальная справа аб загадзя непраўдзівым паведамленні аб небяспецы. За гэта жартаўніку ці жартаўнікам пагражае да 7 гадоў турмы.
У чэрвені гэтага года падобная сітуацыя адбылася ў Польшчы. Там у розных гарадах эвакуявалі людзей з 21 бальніцы. Паведамленні аб мініраванні ў адзін дзень. Але пагрозы апынуліся ілжывымі. Падазраваных затрымалі, ім таксама пагражае да 7 гадоў зняволення.
Фотарэпартаж з Маладзечна, дзе школы атакавалі "тэрарысты"