У Ватыкане кананізуюць двух пантыфікаў
Сёння там адбываецца цырымонія кананізацыі Яна Паўла II і Яна XXIII.
Чакаецца, што на цырымоніі будуць старшыняваць папа Францішак і яго папярэднік Бэнедыкт XVI.
Сусветныя медыі называюць сённяшнія ўрачыстасці “нядзеляй чатырох папаў”. За дзве тысячы гадоў існавання царквы ўпершыню два папы залічваюць да ліку святых двух сваіх папярэднікаў.
Больш за мільён паломнікаў і турыстаў прыбылі ў Рым для ўдзелу ў цырымоніі. Прысутнічаюць 34 кіраўнікі краінаў і ўрадаў.
Не толькі плошча Святога Пятра, але і бліжэйшыя вуліцы і кварталы ад раніцы нядзелі запоўненыя людзьмі. Маштабную па размаху святочную імшу дапамагаюць праводзіць 150 кардыналаў, тысяча біскупаў і 6000 святароў, паведамляе Радыё Свабода.
Ян Павел II (Караль Вайтыла, выхадзец з Польшчы) узначальваў каталіцкую царкву з 1978 па 2005 год.
Ян XXIII (Ангела Джузэпэ Ронкалі з Італіі), вядомы таксама як “Добры Папа”, узначальваў каталіцкую царкву з 1958 па 1963 гады.
Залічэнне папы да ліку святых не адбывалася ў каталіцкай царквы апошнія 60 гадоў. Апошнім святым папам лічыўся Пій Х, кананізаваны ў 1954 годзе