У Ваўкавыску бухгалтарка пазычыла больш за 2 млрд і знікла (фота)
У Ваўкавыску распачалі крымінальную справу ў дачыненні 55-гадовай бухгалтаркі разлікова-касавага цэнтра аднаго з банкаў. Валянціну Харытонік падазраюць у здзяйсненні махлярскіх дзеянняў у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Як адзначае афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, у міліцыю звярнуліся 7 чалавек, сябры і сваякі жанчыны. Паводле іх слоў, Харытонік у 2012-2016 гадах пазычыла ў іх больш за 2 млрд 200 млн рублёў. Яна абяцала вяртанне грошай з працэнтамі. Ёй, як банкаўскай работніцы, верылі. А 27 сакавіка 2016-га бухгалтарка падчас свайго адпачынку выехала ў Маскву. Разам з ёй з'ехалі муж і дачка. З іх дома былі вывезеныя амаль усе рэчы.
Сваякам і сябрам жанчына пакінула ліст, у якім напісала пра тое, што не хоча ім вяртаць раней пазычаныя грошы. Праводзіцца расследаванне. Накладзены арышт на дом Валянціны Харытонік, зямельны ўчастак і маёмасць. Вядзецца пошук зніклай бухгалтаркі. Таксама праваахоўнікі шукаюць людзей, якія таксама маглі пацярпець ад яе дзеянняў.