У Ваўкавыску скардзяцца, што служба адлову страляла ў сабак на вачах у дзяцей
Адзін з сабак схаваўся ў пад'ездзе
Жыхары Ваўкавыска спачатку звярталіся ў міліцыю, а затым да журналістаў — прасілі разабрацца, чаму мясцовая служба адлову страляе ў сабак на вачах у дзяцей. Інцыдэнт адбыўся 7 красавіка ў адным з жылых двароў раённага цэнтра.
"Пад'ехала машына камунальнай гаспадаркі, адтуль выйшлі двое мужчын са стрэльбай і пачалі страляць у сабак, якія ў гэты час гулялі ў двары. Прычым адзін з сабак быў у шлейцы! Ён проста збег на прагулцы ад гаспадароў", — прыводзіць словы аднаго з жыхароў Блог Гродна s13. Паводле відавочцаў, на асфальце ля пад'езда засталіся сляды крыві. Аднаго з сабак удалося выратаваць — ён забег у пад'езд. Валанцёры пазней адвезлі яго да ветэрынара. Другі сабака ўцёк у іншы двор, дзе жывуць яго гаспадары, расказвае мясцовая жыхарка. Яна абураная: "Хіба так праводзіцца адлоў? Мы адразу ж выклікалі міліцыю... Майстры пры гэтым пачалі замываць кроў на асфальце".
У Ваўкавыскай камунальнай гаспадарцы журналістам сказалі, што не бачаць праблемы ў гэтай сітуацыі. Прадстаўнік прадпрыемства кажа, што ў той дзень на адлоў жывёл брыгада выязджала па заяўцы ад мясцовых жыхароў. Нехта паскардзіўся, што ў раёне бегаюць безнаглядныя жывёлы. "Усё было ў рамках заканадаўства!" — настойваюць на прадпрыемстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.