У Верхнядзвінскім раёне зубр-валацуга прыбіўся да статку кароў

У Верхнядзвінскім раёне зубр-валацуга прыбіўся да статку кароў

У Вернядзвінскім раёне зубр-валацуга прыбіўся да статку кароў адной з гаспадарак. Пра гэты выпадак паведамляе БЕЛТА са спасылкай на старшыню Асвейскага сельсавета Аркадзя Лаўрыновіча.

Паводле кіраўніка сельсавета, гэты зубр ужо даўно валачэцца па раёне і даходзіў нават да латвійскай мяжы. Ён прыбіваўся то да аднаго, то да іншага статку кароў. Верагодна, што з зубрынай суполкі яго прагналі мацнейшыя самцы.

Зубр уцёк з паляўнічай гаспадаркі “Чырвоны Бор”, якая належыць кампаніі “Інтэрсервіс”. У перыяд гону гэты 6-7-гадовы “кароль пушчаў” сам не вытрываў канкурэнцыі з буйнейшымі асобінамі  і стаў шукаць сабе кампанію сярод быдла. Спецыялісты лічаць, што гэта бяспечная з’ява: зубры — спакойныя жывёлы, калі іх не правакаваць. Таксама вядома, што па тэрыторыі раёна і прылеглых спакойна гуляюць ужо дзясяткі зуброў. Паляўнічая гаспадарка падкармлівае іх узімку, сочыць за іх здароўем і ахоўвае ад браканьераў.

Усе асобіны зуброў маюць чыпы, на некаторых — GPS-аброжкі. У Віцебскай вобласці рэалізуецца праграма па аднаўленні папуляцыі гэтых жывёл. Тры гады таму гаспадарка “Чырвоны Бор” закупіла 50 галоў зуброў і на наступны год выпусціла із з вальераў на волю. Сёлета плануецца выпусціць яшчэ 28 дарослых зуброў і 11 зубранятаў. Мэта праграмы — давесці папуляцыю зуброў да такой колькасці, калі не будзе пагрозы знішчэння жывёлы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі