У Віцебску і Гомелі больш не будзе "Е-дастаўкі"
"Е-дастаўка", ілюстрацыйнае фота
"Еўраопт" спыняе працу сэрвісу "Е-дастаўка" адразу ў двух абласных гарадах Беларусі. З мінулай пятніцы, 2 лютага, зрабіць замову ўжо было немагчыма ў Гомелі, а з 7 лютага "Е-дастаўка" спыняе працу ў Віцебску.
"Мы заўсёды імкнуліся быць для вас ідэальным супермаркетам з дастаўкай, – гаворыцца на сайце кампаніі. – Але, на жаль, у пачатку лютага мы вымушаны спыніць сваю працу ў гэтых зонах абслугоўвання".
У "Еўраопце" таксама расказалі, што з верасня 2023 года даставілі жыхарам Віцебска і Гомеля больш за 35 000 заказаў. Цяпер ім прапануюць карыстацца "Еўрапоштай" (праз яе таксама можна зрабіць замову). Забраць пакупкі можна самастойна з пунктаў выдачы або замовіць дастаўку дадому.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.