У Віцебску судзяць жанчыну, якая ўкусіла міліцыянта
Таццяна Туравец / vitebskspring.org
Суд Віцебскага раёна пачаў разгляд справы Тацяны Туравец з пасёлка Ноўка. Яе абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікам міліцыі (арт. 364 КК РБ). Сваёй віны жанчына не прызнае, паведасляюць праваабаронцы.
У ноч на 10 лютага да яе ў дом прыйшлі з ператрусам. Паводле версіі следства, Таццяна Туравец не давала супрацоўнікам міліцыі выканаць іх працу: хапала іх, выштурхоўвала з дому, абражала. Таму міліцыянты былі вымушаныя ўжыць сілу і надзець кайданкі. Падчас затрымання жанчына і ўкусіла за палец аднаго, пракусіла пальчатку іншаму, а трэцяга ўдарыла па галаве. Усяго ў справе чацвёра пацярпелых.
Таццяна са свайго бакоў распавяла, што ўжо спала, калі пачула стук. Кажа, адчыніла дзверы і ўбачыла людзей у цывільным, якія заявілі, што яны супрацоўнікі міліцыі. З папер выходзіла, што да яе прыйшлі з ператрусам у сувязі з незаконным захоўваннем наркотыкаў. Потым высветлілася, што гаворка ішла пра пакой яе дачкі, якая з маці даўно не жыве.
Таццяна патэлефанавала дачцэ, пераканалася, што тая на свабодзе. Спрабавала датэлефанавацца і ў міліцыю, каб удакладніць, ці працуюць там такія супрацоўнікі, але ёй не адказалі. Гэта яшчэ больш абвастрыла сітуацыю.
Таццяна прызнае, што ўкусіла аднаго з міліцыянтаў. Тлумачыць свой учынак тым, што падчас затрымання той закрыў ёй рот. Пры гэтым дадае, што яна паверыла ў тое, што перад ёй міліцыянты, толькі калі прыехаў следчы ў форменнай вопратцы.
Сёння працэс працягнецца, будуць апытваць сведак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.