У Віцебску зноў судзяць лідарку незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгу Брыцікаву
Вольга Брыцікава / Скрыншот відэа
У Віцебскім абласным судзе на сёння запланаваны разгляд крымінальнай справы лідаркі незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгі Брыцікавай. Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.
Брыцікаву абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо разладу (ч.1 арт. 130 КК). Пасяджэнне будзе весці суддзя Уладзімір Чаравач. Праваабаронцы нагадваюць, што суд паводле гэтага артыкула над палітзняволенай Брыцікавай прайшоў яшчэ ў сакавіку. Яны мяркуюць, што прысуд быў вынесены, але які — невядома. У новым працэсе зноў фігуруе тое ж абвінавачанне, імаверна, на прысуд падалі апеляцыю, гэтая скарга на прысуд і будзе разглядацца.
Нагадаем, Вольга Брыцікава прапрацавала на "Нафтане" 16 гадоў, яе звольнілі ў канцы 2020-га года праз яе пазіцыю. Вясной 2022 года яна правяла 75 сутак пад арыштам за выказванні супраць вайны. Увосень таго года яе зноў затрымалі і некалькі разоў судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў. Адной з нагодаў быў малюнак з надпісам "Не" вайне", які Вольга апублікавала ў сацсетках.
У жніўні 2023-га года яе затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы. Спачатку абвінавацілі ў "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (ч.1 арт. 361 КК). Але судзілі ў сакавіку 2024-га паводле арт.130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.