У Вільні Зяленскі згадаў "дзень новага шанцу для Беларусі"

Уладзімір Зяленскі прамаўляе ў Вільні

Уладзімір Зяленскі прамаўляе ў Вільні / delfi.lt

10 студзеня ў Вільні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі згадаў пра Беларусь. У сваім выступе ён казаў, што Еўропе неабходна і далей аб'ядноўвацца для процідзеяння расійскай агрэсіі.

"Цяпер, калі Масква спрабуе вярнуць сваю старую імперыю ўсім спектрам сучаснай зброі, наша ўкраінская смеласць — гэта таксама і вам дапамога, цытуе словы Зяленскага "Бі-Бі-Сі". — Наша з вамі адзінства — гэта таксама і вам гарантыя бяспекі. Стойкасць нашых воінаў — гэта таксама і ваша стойкасць. І наша ўкраінскае прадчуванне, што Расія не вытрымае, калі працягваць біць яе, — гэта таксама пацвярджэнне і нашай з вамі слушнасці. Праваты нашага агульнага гістарычнага выбару — выбару быць незалежнымі. Быць у Еўропе. Быць сярод роўных і менавіта таму — мірных".

Уладзімір Зяленскі верыць у перамогу. "Будзе дзень пасля вайны, будзе дзень пасля Пуціна, — кажа ён. — І гэта будзе дзень нашай бяспекі і гарантаванай вашай непарушнай свабоды, мірнага жыцця Літвы, Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі, Швецыі, усіх дзяржаў, чый лёс Расія цяпер спрабуе трымаць у сумневах. Гэта будзе дзень новага шанцу для Беларусі, шанцу, якога Беларусь заслугоўвае".

Украінскі прэзідэнт і раней у сваіх выступах нярэдка згадваў Беларусь і яе будучыню, як свабоднай і незалежнай краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі