У вёсках ля свінакомплексаў забаранілі трымаць свіней
Згодна з пастановай Мінсельгасхарчу, знішчаць усіх жывёл у радыусе пяці кіламетраў ад прадпрыемстваў.
“У радыусе не менш за 5 км ад комплексаў забараняецца ўтрыманне свіней сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі”, — сцвярджае пастанова Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя пастановы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь” №30, зацверджаная яшчэ 12 ліпеня. У сілу пастанова ўступіла напрыканцы мінулага тыдня.
Згодна з дакументам, свіней неабходна ліквідаваць ля ўсіх свінакомплексаў незалежна ад таго, ёсць там ачаг захворвання на свіную чуму альбо няма. Неабходнасць знішчыць свіней у чыстых ад АЧС раёнах тлумачыцца “правядзеннем мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюду і знішчэння АЧС у арганізацыях закрытага тыпу”.
Еўрарадыё дазванілася ў пасёлак Белавежскі, што ў Брэсцкай вобласці. Там размешчаны вялікі свінакомплекс. У сельсавеце расказваюць, што людзей заклікалі выразаць свіней на падворках, яшчэ не маючы на руках тэксту міністэрскай пастановы.
Работнік сельсавета: “Да 15-га чысла далі людзям тэрмін. Парэкамендавалі спачатку, бо калі праводзілі сход, то пастановы яшчэ не было… А зараз людзі кожны дзень у сельсавет паведамляюць, колькі свіней зарэзалі”.
На цяперашні момант у Белавежскім і навакольных вёсках засталося каля 80 свіней. Людзі ратуюць маладняк, вывозячы далей ад свінакомплексу. Ёсць і ўпартыя сяляне. Такіх у сельсавеце збіраюцца “пераконваць” персанальна, адрасна дасылаючы пастанову Мінсельгасхарча.
Нагадаем таксама, што ў “Правілах барацьбы з афрыканскай чумой свіней у Беларусі”, зацверджаных пастановай Мінсельгасхарча №84 ад 22 снежня 2008 года аб “прафілактычным” забоі свіней няма ні слова. Згодна з імі, жывёл забіваюць толькі пры выяўленні ачага захворвання.
Фота — vilagxo.livejournal.com