У яго ўчапіліся, бо ён украінец — родныя пра "шпіёна" з фільма АНТ

Па справе аб "шпіёнах" і "тэрарыстах" СБУ ў Беларусі затрыманыя 20 чалавек / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Па справе аб "шпіёнах" і "тэрарыстах" СБУ ў Беларусі затрыманыя 20 чалавек / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Родныя Андрэя Шмая, аднаго са "шпіёнаў" з фільма АНТ, не разумеюць, за што ён затрыманы. Пра гэта яны расказалі ў інтэрв'ю "Радыё Свабода". Шмай працаваў у Віцебскім аблвыканкаме, быў рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў. У фільме АНТ прагучала, што ён нібыта з верасня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Украіну праз месенджар Signal.

Шмай — украінец, ва Украіне засталася яго сям'я. Да пераезду ў Віцебск ён служыў памежнікам у Новых Ярылавічах — пункце пропуску з Беларуссю. У Віцебск перабраўся, бо на гэтым настаяла яго будучая жонка.

"Які агент, які шпіён? Што ён мог наогул ведаць, працуючы звычайным рабочым? Я глядзела гэты фільм. У мяне склалася адчуванне, што Андрэй там па аркушы паперы чытае "прызнанні", — кажа маці Андрэя Ірына. Жанчына мяркуе, што сына затрымалі толькі таму, што "ён украінец, былы памежнік і тут брата-вайскоўца мае", а таксама за тое, што карыстаўся месенджарам Signal.

Брат Андрэя Руслан сапраўды вайсковец, служыць у Чарнігаўскім упраўленні "Поўнач". Ён маёр, намеснік камандзіра па аператыўных пытаннях. Ірына перакананая, што Руслан не мог прасіць брата аб якой-небудзь інфармацыі.

"Навошта нам яго падстаўляць? Мы выдатна разумелі, у якой краіне ён жыве. Наадварот, Руслан прасіў яго пасля 24 лютага 2022 года, каб той выехаў з Беларусі. Мы размаўлялі толькі на побытавыя тэмы: пра надвор'е, пра ўнукаў", — расказвае маці затрыманага Андрэя Шмая. Сын перамяшчаўся паміж домам, школай і працай, ні з кім не размаўляў, нічога нікому не перадаваў. Андрэя затрымалі яшчэ 19 студзеня. Цяпер ён у СІЗА. Як паведамілі на АНТ, яго абвінавачваюць паводле артыкула 358-1 Крымінальнага кодэкса ("Агентурная дзейнасць").

У фільме АНТ ішла гаворка пра некалькі крымінальных спраў, у тым ліку пра дыверсію ў Мачулішчах. Паводле версіі аўтараў, фігуранты гэтых спраў нібыта звязаныя з украінскімі спецслужбамі. Але пераканаўчых доказаў так і не прагучала. Частка людзей кантактавала з беларускімі структурамі, якія выступаюць супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі і супраць вайны. Затрымана больш за 20 чалавек.

В него вцепились, потому что он украинец — родные о "шпионе" из фильма ОНТ
Андрэй Шмай / flagshtok.info

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі