У законе аб амністыі няма сродкаў на вяртанне зняволеных у грамадства
spring96.org
28 чэрвеня Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла закон аб амністыі. На волю выйдуць каля 6 тысяч зняволеных. Дэпутаты задалі міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву, які прадстаўляў дакумент, толькі адно пытанне.
— Вы кажаце, амністыя не запатрабуе выдзялення дадатковых сродкаў з бюджэту... А як жа іх уключэнне ў грамадства, працаўладкаванне? Магчыма, у кагосьці з іх жылля няма? Вось гэта прадугледжваецца — як яны будуць адаптаваныя ў грамадства? — пацікавілася ў міністра дэпутат Вольга Палітыка.
— Зразумела, што ўскосныя выдаткі на месцах, напрыклад, на афармленне дакументаў, будуць, — адказвае міністр. — Але кажучы пра тое, што амністыя не запатрабуе выдаткаў, я маю на ўвазе, што Міністэрству фінансаў не трэба спецыяльна выдзяляць на яе нейкую пэўную мэтавую суму. Вось, напрыклад, каб прыняць на працу, якія могуць быць выдаткі?
— Трэба стварыць працоўнае месца!
— Спецыяльна для іх працоўныя месцы стварацца не будуць. Імі будуць запаўняцца свабодныя вакансіі.
У законе аб амністыі прадугледжана, што тым, хто падпадае пад аміністыю, будзе аказана дапамога ў бытавым i працоўным уладкаваннi, вырабе і замене дакументаў, якія пацвярджаюць асобу. Дадатковыя сродкі з бюджэту на гэта выдзяляцца не будуць.