У Жэневе працягваецца разгляд "беларускага" пытання

Пытанне аб правах працоўных у Беларусі будзе абмяркоўвацца 2 чэрвеня на чарговым пасяджэнні Камітэта па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).



Як інфармуе БелаПАН, разгляд сітуацыі ў Беларусі пачаўся 31 траўня. Чакаецца, што сёння ці заўтра камітэт вынесе сваё рашэнне па гэтым пытанні.



"Беларускае" пытанне ўзнікла ў 2003 годзе. Тады Адміністрацыйная рада МАП у сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў пачала расследаванне таго, як парушаюцца правы прафсаюзаў у Беларусі. Паводле вынікаў расследавання Беларусь неаднаразова ўносілі ў спецпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэння Беларусі ў чэрвені 2007 года з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза.



Для вяртання прэферэнцый урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП. У прыватнасці, трэба даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць першасныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны.



У працы сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіць з 28 мая па 12 чэрвеня, удзельнічае беларуская ўрадавая дэлегацыя. Яе ўзначальвае міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прысутнічае на канферэнцыі ў якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.



Фота — unmissions.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі