У жывым эфіры затрыманы фермер, удзельнік прэзідэнцкай гонкі Юрый Ганцэвіч
Затрыманне Юрыя Ганцэвіча / Еўрарадыё
У цэнтры Гомеля затрыманы фермер-блогер, удзельнік прэзідэнцкай гонкі Юрый Ганцэвіч. Гэта адбылося ў жывым эфіры, калі Ганцэвіч стрыміў у свой ютуб-канал "Прыгоды казы Машкі" са святкавання Дня Перамогі.
Ганцэвіч прагуляўся па вуліцах горада, а калі прыйшоў да агароджанай зоны святкавання, не змог прайсці міліцэйскі фэйс-кантроль. Яго папрасілі пачакаць перад агароджай.
Праз кароткі час пыйшлі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яны не прадставіліся — проста падхапілі Ганцэвіча пад рукі і вывелі з натоўпу. Пазней, перад самым канцом стрыму, адзін з іх сказаў фермеру, што яны супрацоўнікі міліцыі.
Пасля затрымання ў Ганцэвіча не забралі тэлефон. У каментарах да відэа ён пісаў, што знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС Гомеля.
Фермер вядомы як прыхільнік Сяргея Ціханоўскага і ўдзельнік выбарчай кампаніі 2020 года. Кандыдатам у прэзідэнты ён зарэгістраваны не быў.
А нядаўна Ганцэвіч засвяціўся ў фэйкавым відэа, на якім нібыта ў Новай Баравой пад Мінскам невядомыя ў цывільным адзенні збіваюць мужчыну і адкідваюць убок калыску з дзіцём. Усё гэта аказалася ўкідам, скляпаным для таго, каб увесці ў зман журналістаў з незалежных СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.