Uber: Такія парушэнні знаходзяць штодзень у іншых перавозчыкаў
Што здарылася
Аднаго з асноўных партнёраў Uber у Мінску пазбавілі ліцэнзіі, другога плануюць пазбавіць.
З чаго гэта пачалося
Кіроўца таксі, нехта Аляксей напісаў ліст ў Транспартную інспекцыю з пералікам шасці кампаній, якія працуюць з Uber у Мінску. Ён папрасіў праверыць, ці праходзяць аўтамабілі гэтых кампаній тэхагляд раз на паўгода, як гэтага патрабуюць для камерцыйных перавозак.
Транспартнікі праверылі метадам кантрольнай закупкі (выклікалі Uber і запатрабавалі дакументы). На выклікі прыязджалі аўтамабілі толькі дзвюх кампаній — ПТУП "Молберг" і ТАА "Белеврорент Флит Солюшнз". У абедзвюх знойдзеныя парушэнні, першую пазбавілі ліцэнзіі, другая — нібыта, пад пытаннем.
Якія парушэнні
У ПТУП "Молберг" нібыта не было замовы-нарада на фрахтаванне транспартнага сродку і не быў пройдзены тэхагляд, як патрабуюць для таксі, раз на паўгода.
ТАА "Белеврорент Флит Солюшнз" мела замову-нарад але запаўняла яе з парушэннямі і таксама не праводзіла тэхагляд машын раз на шэсць месяцаў.
Што кажа сам Uber
Uber кажа, што працуе ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і ніякіх прэтэнзій з боку Транспартнай інспекцыі не меў. Прэтэнзіі жа звязаныя з дзейнасцю асобна ўзятых кіроўцаў.
"Транспартная інспекцыя выяўляе дзясяткі падобных парушэнняў на працягу дня ў дачыненні да іншых удзельнікаў перавозак, уключаючы, але не абмяжоўваючыся аўтамабілямі-таксі. Відавочна, што сёння праводзіцца масіраваная інфармацыйная кампанія супраць Uber, ініцыяваная гульцамі, не зацікаўленымі ў з'яўленні сэрвісу", — адказвае прадстаўніца Uber Яўгенія Шыпава.
У транспартнай інспекцыі Еўрарадыё пацвярджаюць, што сапраўды, падобных парушэнняў інспектары выяўляюць шмат. Менавіта таму за мінулы год адазвалі каля 500 ліцэнзій.
"Не магу сказаць, што кожны дзень, але парушэнні падобныя знаходзім, і таму каля 500 матэрыялаў у Мінтранс накіравалі. Гэта не адзінкавы выпадак, а звычайная праца".
Згодна з указам прэзідэнта, дастаткова аднаго грубага парушэння, каб пазбавіць ліцэнзіі. А неафармленне замовы на фрахтаванне транспартнага сродку — гэта грубае парушэнне.
"Белеврорент": парушэнні ў пратаколах не адпавядаюць, тым пра якія напісалі СМІ
Кампанія "Белеврорент Фліт Солюшнз" заявіла, што гаворкі пра пазбаўленне ліцэнзіі пакуль не ідзе: "Парушэнні, апісаныя ў адказе Транспартнай інспекцыі, які апублікаваны на сайце аднаго з беларускіх СМІ, не адпавядаюць названым у пратаколе. Больш за тое, па наяўных у нас дадзеных, пытанне аб пазбаўленні нашай кампаніі ліцэнзіі не ідзе".
У кіраўніцтве кампанні Еўрарадыё сказалі, што гаворкі пра пазбаўленне ліцэнзіі няма, а транспартнікі паспяшаліся з заявамі.
У транспартнай інспекцыі кажуць, што пакуль сапраўды гэтую кампанію не пазбаўляюць ліцэнзіі. Справа знаходзіцца на разглядзе ў раённай транспартнай інспекцыі. Потым яна можа перадаць пратаколы ў Мінстранс, які ўжо мае права пазбавіць фірму ліцэнзіі.
Што далей
Транспартная інспекцыя паведамляе, што далей будзе праводзіць праверкі Uber. Начальнік упраўлення кантролю транспартнай дзейнасці Транспартнай інспекцыі Мінсктранса Іван Алісейка кажа tut.by, што гэта не часовае прыпыненне, а поўнае спыненне ліцэнзіі. Па яго словах, перавозіць пасажыраў можна праз публічную дамову (як працуюць таксі) і праз дамову фрахтавання — замову-нарад, як працуе арэнда аўто з кіроўцам. Але нават у такім выпадку аўтамабіль мусіць ездзіць з жоўтымі нумарамі і праходзіць тэхагляд раз на паўгода.
Кампанія "Молберг", якую пазбавілі ліцэнзіі, можа працаваць 15 дзён. І пакуль збіраецца працаваць далей, абскарджваць пазбаўленне ліцэнзіі.
"Мы не згодныя з дзеяннямі Транспартнай інспекцыі і будзем абскарджваць іх у судовым парадку".
Чаму знайшлі толькі дзве партнёрскія кампаніі Uber у Мінску
Транспартнікі правяралі не асобныя фірмы а у цэлым сістэму, яны выклікалі аўтамабілі праз мабільны дадатак і, магчыма, на выклік прыязджалі аўтамабілі толькі гэтых дзвюх фірм. Парушэнні былі знойдзеныя ў абодвух. Але праверкі будуць рабіць далей. І калі транспартнікі вельмі пастараюцца і знойдуць іншых партнёраў Убер, то падобныя парушэнні могуць знайсці і ў астатніх, бо ўсе працуюць аднолькава. Транспартнікі могуць пазбавіць ліцэнзій усіх партнёраў Uber у Мінску, калі тыя не паспеюць да гэтага часу ліквідаваць парушэнні.
Чаму няма прэтэнзій да Яндэкс-таксі.
Яны працуюць са сталчінай службай таксі 135, дзе ўсе аўтамабілі — звычайныя таксі з жоўтымі нумарамі, якія праходзяць тэхагляд раз на паўгода.