Уцякаючы ад ДАІ, Dodge у Мінску ўрэзаўся ў тралейбус

У дзяжурную часць патэлефанавалі відавочцы і паведамілі, што ў адным з двароў па вуліцы Кядышкі ездзіць Dodge Caravan, якім, імаверна, кіруе нецвярозы кіроўца. На месца выехала патрульная машына. Пабачыўшы даішнікаў, кіроўца Dodge кінуўся ўцякаць.



Аўтамабіль выехаў на вуліцу Талбухіна і там сутыкнуўся з тралейбусам. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Аднак парушальнік працягнуў уцякаць. Ён зрабіў кола па маршруце Талбухіна — Кнорына — Кядышкі. Падчас руху парушыў патрабаванні знакаў, праехаў на чырвоны сігнал святлафора, двойчы не прапусціў пешаходаў, здзейсніў абгон праз двайную суцэльную лінію разметкі. У выніку яго затрымалі, адзначае onliner.by.



Парушальнікам аказаўся 35-гадовы мужчына. Ён быў настолькі п'яны, што не змог зрабіць паўнавартасны выдых, кажуць інспектары. Перарваны выдых паказаў 0,88 праміле. Ад кіравання яго адхілілі, машыну даставілі на штрафстаянку.



Для кіроўцы гэта першы за год выпадак нецвярозай язды, таму канфіскацыі аўто не будзе. На яго склалі 10 пратаколаў — за парушэнні, за кіраванне ў нецвярозым стане, адсутнасць страхоўкі і дакументаў на аўтамабіль.



Фота — onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі